Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

БЕЛАРУСКАЯ МУЗЫЧНАЯ АЛЬТЭРНАТЫВА ПАДРЫХТАВАЛА ТРЭЦІ КАМПАКТ-ДЫСК З СЭРЫІ "ВОЛЬНЫЯ ТАНЦЫ"


Ягор Маёрчык, Менск

Модай на больш лёгкае гучаньне, на іранічна-насьмешлівыя тэксты й нават на повязь сучаснага мастацтва з Інтэрнэтам кіраваліся прадусары, калі ўкладалі новы дыск. Зрэшты, адна з самых нечаканых кампазыцыяў — тэхна-апрацоўка песенькі "NRM" "Катлет-матлет" — патрапіла да прадусараў менавіта праз Інтэрнэт. Аўтар рэміксу невядомы, хаваецца за мянушкай "D.J. Хоку".

І назовам дыску — "альтэрнатыва_by", і дызайнам вокладкі, выкананай у гэтак званым кіслотным стылі прадусары маніфэстуюць повязь сучаснай рок-культуры з Інтэрнэтам.

Наступная адметнасьць гэтага дыску, ў параўнаньні з ранейшымі, — больш шырокая прысутнасьць гуртоў з правінцыі. Прадусар Сяргей Бялевіч ужо нават бачыць тэндэнцыю разбурэньня маладымі выканаўцамі з Горадні, Гомеля, Магілёву, Берасьця манаполіі на рок-н-рол сталічных музыкаў.

(Бялевіч: ) "Мы стараліся рабіць так, каб тэрмін "правінцыйнасьць" сыходзіў. Прадстаўленыя тут кампазыцыі часта не падобныя да таго, што робяць менскія музыкі. Каб беларускаму року даць новае жыцьцё, безумоўна, рэгіянальная музыка мусіць рабіць свой унёсак у тэхналёгію падачы музыкі".

Упершыню ўсе песьні, сабраныя на дыску "Вольныя танцы", выконваюцца толькі па-беларуску. Нават культавы гурт "Нэўра-Дзюбэль" нарэшце засьпяваў на роднай мове, што ўжо колькі гадоў абяцаў лідэр каманды Аляксандар Кулінковіч.

Песьняй "Амэрыканец" гурт "Нэўра-Дзюбэль" робіць гэтакі зьдзеклівы музычны ўнёсак у разьвязаную рэжымам Лукашэнкі антыамэрыканскую кампанію.

Увогуле, іронія, насьмешка, пародыя ў пераважнай бальшыні кампазыцыяў дамінуюць. Відавочны адыход, прынамсі, на гэтым кампакце, беларускага рок-н-ролу ад наўпроставых матываў супраціву.

(Бялевіч: ) "Адчуваецца новая нотка беларускага музычнага характару — такі, вельмі па-добраму, пафігізм. Людзі пачалі думаць пра ўласнае жыцьцё. І людзі зразумелі нарэшце, што іхнае жыцьцё залежыць толькі ад іх. Калі ты добра робіш музыку, то ты ўжо гэтым змагаесься з непрафэсіяналізмам. Ты змагаесься супраць непрафэсійнага рэжыму, непрафэсійнай палітыкі, непрафэсійнай эканомікі. Ты робіш свой сьвет вакол сябе, які аднойчы папросту пашырыцца на ўсіх".
XS
SM
MD
LG