Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЕНЬ КАСМАНАЎТЫКІ Ў МЕНСКУ БЫЎ АДЗНАЧАНЫ ПАЛІТЫЧНЫМ ПЭРФОРМАНСАМ


Ягор Маёрчык, Менск

(Пэрформэр: ) "Трагікамэдыя "Дзень касманаўтыкі — запуск заводаў" у двух актах. Напісана паводле п'есы Шэймана-Замяталіна "Ўсё прапала". Наш шаноўны прэзыдэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэту, ролю якога выконвае заслужаны артыст Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, кандыдат на майстра спорту па бегу на каньках на асфальтавым пакрыцьці Лука Шменкель паказвае гістарычны момант — запуск заводаў".

Юнак у кароценькіх штоніках, пашытых зь дзяржаўнага сьцягу, у хакейнай касцы і з прыклеенымі велічэзнымі чорнымі вусамі падкідаў у паветра балёнікі, сымбалі знаных беларускіх прадпрыемстваў — "Аліварыі", заводу імя Вавілава, МАЗу. Балёнікі былі дохленька надзьмутыя, а таму не ўзьляталі высока. Ну, а Трактарны дык і ўвогуле адразу ж пакаціўся па асфальце...

Затым пэрсанаж, у якім мінакі пазнавалі кіраўніка дзяржавы, паспрабаваў запусьціць расейска-беларускі саюз. Але й тут марныя былі ягоныя высілкі: балёнікі з надпісам "саюз", як толькі пакідалі рукі запускальніка, адразу ж гучна лопаліся.

Электарат, якога прадстаўляў актывіст Маладога Фронту Аляксей Шэін, пасьля ўсіх гэтых бязглуздых дзеяньняў абвесьціў свой прысуд:

(Аляксей Шэін: ) "Ты ня выканаў свайго абяцаньня! Лука Шменкель, мы спускаем цябе з арбіты! У гэтым годзе мы абыдземся безь цябе. Лука Шменкель, ухадзі!"

Палітычны пэрформанс доўжыўся 7 хвілінаў. Людзі рэагавалі з заўважнай боязьзю, азіраючыся па бакох. Але міліцыя так і не падышла, хоць варанок са спэцназаўцамі быў заўважаны на адлегласьці нейкіх 50 мэтраў.

У год прэзыдэнцкіх выбараў Малады Фронт рэгулярна зьбіраецца ладзіць палітычныя міні-спэктаклі на вуліцах беларускіх гарадоў, — абвесьціў на завяршэньне акцыі Аляксей Шэін.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG