Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛАНЁНЫЯ АМЭРЫКАНСКІЯ ЛЁТЧЫКІ ВЯРНУЛІСЯ Ў ЗША


Вольга Караткевіч, Вена

Канфлікт успрымаецца як першае сур’ёзнае выпрабаваньне для прэзыдэнта Буша ў замежнай палітыцы.

Газэта Washington Post, аналізуючы наступствы інцыдэнту, піша, што ён можа адбіцца на амэрыканска-кітайскіх дачыненьнях. Затрыманьне амэрыканскіх салдатаў зрабіла стаўленьне Амэрыкі да Кітаю больш жорсткім.

Паводле аглядальнікаў газэты Washington Post, павялічваюцца шанцы, што ў гэтым месяцы ЗША пагодзяцца прадаць значную колькасьць зброі Тайваню, улучна субмарыны, процісубмарынавыя ўстаноўкі і сыстэмы супрацьракетнай абароны Эйгіс.

Яшчэ пазьней адміністрацыя ЗША можа праігнараваць пратэсты Кітаю і прадставіць транзітную візу прэзыдэнту Тайваню.

Празь месяц Кангрэс ЗША зможа выстаўляць умовы для аднаўленьня нармальнага гандлю зь Кітаем.

Пасьля Міжнародны алімпійскі камітэт будзе вырашаць, ці дазваляць Пэкіну прымаць алімпійскія гульні 2008 году.

“Я думаю, цана канфлікту будзе значнай”, - сказаў прадстаўнік Адміністрацыі, камэнтуючы засмучанасьць ў атачэньні прэзыдэнта Буша цягам 12 дзён разьвязаньня канфлікту.

Настроі на Капіталійскім Пагорку неспакойныя. Кіраўнік Камітэту міжнародных дачыненьняў рэспубліканец Генры Гайд прагназуе жорсткую рэакцыю супраць Кітаю, калі 23-га красавіка пачнецца паседжаньне Кангрэсу. New York Times цытуе іншыя словы Гайда, які заявіў, што першы тэст для адміністрацыі Буша ў замежнай палітыцы ахалодзіў намаганьні разглядаць Кітай як стратэгічнага партнэра.

Кітайскае грамадзтва крытычна ставіцца да вызваленьня экіпажу. У сераду кітайскія журналісты, сябры камуністычнай партыі, былі запрошаныя на сакрэтную сустрэчу, на якой ім загадалі прытрымлівацца паведамленьняў афіцыйнага інфармацыйнага агенцтва New China News Agency.

Паводле інфармацыі, атрыманай ад прысутных на сустрэчы, Амэрыка мусіць быць абвінавачаная ў інцыдэнце і супрацьстаяньне прагягнецца, бо самалёт, які каштуе 100 мільёнаў даляраў, застанецца на тэрыторі Кітаю. На амэрыканскім самалёце ЕР-3 разьмешчаная сакрэтная разьведвальная апаратура. Прадстаўнік Пэнтагону заяўляе, што амэрыканскі бок зробіць усё, каб атрымаць самалёт назад. Прадстаўнік Рэспубліканскай партыі Джозэф Піц сказаў, што “крызіс не завершаны, пакуль ня вернуты амэрыканскі самалёт”

Пра вызваленьне экіпажу Пэкін паведаміў у другой палове дня ў сераду. А 19-й гадзіне гэтая інфармацыя трансьлявалася па ўсёй краіне. Праз гадзіну каля 70 чалавек сабраліся ля месца ўтрыманьня пілётаў. Кітайцы хацелі пабачыць амэрыканцаў, якіх многія абвінавачваюць у загубе кітайскага пілёта Ванг Вэя. Washington Post цытуе аднаго з удзельнікаў маніфэстацыі :“Мы не задаволеныя, - сказаў чалавек, які назваўся Ванг Мінам. Ён пытаўся, чаму амэрыканцаў вызваляюць, калі яны шпіёняць за Кітаем. Выказваньні Міна падтрымалі іншыя прысутныя. Адзін зь іх напісаў вялікімі чырвонымі літарамі на фанэры: “Мы – супраць Гегемоніі, вярніце Ванг Вэя”.

На пытаньне, чаму дэманстранты не баяцца сутычак з паліцыяй, адзін кітаец адказаў – “цяпер мы свабодная краіна, у нас ёсьць правы чалавека”.

Сярод панаваных у Кітаі меркаваньняў і такое – урад павінен быў пачакаць з выдачай амэрыканцаў, пакуль ня знойдзены Ванг Вэй. Прэзыдэнт Кітаю Цзянь Цзэмінь заявіў, што справа ня скончаная і дадаў, што Пэкін пагадзіўся вызваліць амэрыканскі экіпаж “з гуманнага (ці гуманітарнага?) гледзішча”.

1 красавіка самалёт Ваенна-марскіх сілаў ЗША ЕР-3 пад час палёту ў міжнароднай паветранай прасторы каля межаў Кітайскай народнай рэспублікі сутыкнуўся зь кітайскім зьнішчальнікам. У выніку сутычкі амэрыканскі самалёт страціў адзін рухавік і мусіў зрабіць пасадку на кітайскай выспе Хайнань. Пад час інцыдэнту загінуў кітайскі пілёт.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG