Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СЁНЬНЯ – 40 ГАДОЎ ПЕРШАМУ ПАЛЁТУ ЧАЛАВЕКА Ў КОСМАС


Сяргей Навумчык, Прага

108-хвілінны палёт Гагарына вакол Зямлі імгненна зрабіўся прадметам гонару савецкіх грамадзянаў. У той час яны ня ведалі, што запуску першага касманаўта папярэднічалі некалькі ўдалых і зусім няўдалых стартаў аналягічных караблёў з манекенамі і жывёламі на борце, кожны зь якіх каштаваў савецкаму бюджэту ня менш, чым будаўніцтва новага гораду. Рэзкае ж падвышэньне коштаў на прадукты, якое выклікала паўстаньне ў Навачаркаску, савецкія людзі не атаясамлівалі з трыюмфам першых пілятуемых палётаў.

Тым ня менш, ня здолеўшы дасягнуць эканамічных вынікаў на Зямлі, крамлёўскае кіраўніцтва не шкадавала грошай для посьпехаў на касмьмічных арбітах, паколькі яны падаваліся сымбалем навуковых і тэхналягічных дасягненьняў СССР. Вашынгтонскі аналітык нашага Радыё Пол Гобл нагадвае, што палёт Гагарына быў успрыняты ў ЗША як выклік, і прэзыдэнт Джордж Кэнэдзі заявіў, што амэрыканцы да канца 60-х гадоў высадзяць чалавека на Месяц і вярнуць яго на Зямлю.

Пасьля таго, як ў ліпені 1969 году камандзір “Apollo-11” Нэйл Армстранг ступіў на Месяц, і СССР, і ЗША зьменшылі касьмічныя бюджэты і наогул скарацілі праграмы пілатуемых палётаў, акцэнтуючыся на беспілётных станцыях, спадарожніках-шпіёнах. Нарэшце, вынікі касьмічных дасьледаваньняў імкнуліся прымяніць ў вытворчасьці.

Аднак, адзначае Пол Гобл, дзьве падзеі на гэтым тыдні паказалі, што палітыка ў космасе прысутнічае.

У сераду прэзыдэнт Расеі Пуцін ў звароце да ўдзельнікаў маскоўскай канфэрэнцыі “Космас бяз зброі – арэна мірнага супрацоўніцтва ў ХХІ стагодзьдзі” засяродзіўся на неабходнасьці абароны мірнага выкарыстаньня космасу. Гэтае як быццам бы натуральнае чалавечае памкненьне ўспрымаецца як частка маскоўскай кампаніі супрацьстаяньня амэрыканскім плянам стварэньня супрацьракетнай абароны. Дарэчы прадстаўнікі ЗША і Брытаніі ня ўдзельнічаюць у вышэйпрыгаданай канфэрэнцыі.

Аднак на гэтым тыдні, заўважае Пол Гобл, расейскае кіраўніцтва прадэманстравала, што яно разглядае космас і як крыніцу наяўных валютных даходаў, пагадзіўшыся за 20 мільёнаў даляраў адправіць на арбіту ў якасьці турыста амэрыканскага бізнэсоўца. Трэба заўважыць, што і амэрыканскія дасьледчыкі часам прадавалі свае праграмы суграмадзянам.

Аднак усплёск цікавасьці ва ўсім сьвеце да юбілею гагарынскага палёту ёсьць добрым напамінкам таго, што людзі ідуць у космас за невядомым, а ня толькі ў пошуку палітычных альбо фінансавых выгодаў.
XS
SM
MD
LG