Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛІНГВІСТЫЧНАЯ І НЯ ТОЛЬКІ СПРЭЧКА ПАМІЖ ЗША І КІТАЕМ


Вольга Караткевіч, Прага

14-га верасьня 1793 году ангельскі лорд Джордж Макартні меў аўдыенцыю ў Пэкіне зь імпэратарам Кянь Лонгам. Гэта была сустрэча прадстаўніка Брытанскай кароны зь кіраўніком адной з наймагутнейшых імпэрыяў сьвету.

Некалькі тыдняў перад аўдыенцыяй лёрд Макартні, які першы з замежных пасланцоў дамагаўся акрэдытацыі ў Паднябеснай, спрачаўся са сваімі кітайскімі дарадцамі на конт самага асноўнага элемэнту: ці зробіць ён так званы “kowtow” – дзевяціразовы нахіл – ці стукнецца 9 разоў ілбом аб падлогу.

Лорд адхіліў патрабаваньні кітайцаў, пагадзіўся толькі схіліцца на адно калена і не дакрануўся ілбом да пантофлі імпэратара.

У гэтым месяцы ЗША і Кітай спрачаюцца на конт яшчэ аднаго цэнтральнага эламэнта, які паставіў пад рызыку ўзаемадачыненьні двух гігантаў.

Дзеля таго, каб дамагчыся вызваленьня каманды 24-х пілётаў амэрыканскага самалёта-разьведчыка, Кітай патрабаваў, каб Злучаныя Штаты прынесьлі прабачэньне.

Канфлікт распачаўся, калі 1-га красавіка ў міжнароднай прасторы сутыкнуліся амэрыканскі і кітайскі самалёты непадалёк ад мяжы Кітаю. У выніку аварыі амэрыканскі самалёт зрабіў пасадку на кітайскай выспе Хайнань.

Вырашэньне крызісу выявіла хітрасплеценае павуціньне гістарычных, культурных, лінгвістычных, палітычных справаў і справаў бясьпекі. Гэтае павуціньне сягае ў часы лорда Макартні.

Ягоная сустрэча не прывяла да адкрыцьця Кітаю для Заходняга Сьвету. Брытанскаму пасланцу давялося пакаваць валізкі і вяртацца дадому. Празь 50 гадоў брытанскія баявыя караблі зрабілі працу Макартні, сілаю адкрыўшы кітайскія порты.

У пэўных кірунках і Кітай, і Захад прасунуліся наперад у разьвязаньні канфліктаў, што азмрочвалі ўзаемадачыненьні. У 1978 годзе, праз 29 гадоў пасьля чарговай самаізаляцыі ад Захаду, Кітай адкрыў свае дзьверы для заходніх інвэстыцыяў і ідэяў. Кітай распачаў рынкаваарыентаваныя рэформы, якія спрычыніліся да хуткага стабільнага эканамічнага росту краіны.

Цяпер Кітай, бадай, найбольш свабодная краіна ў параўнаньні з 1949 годзе, калі да ўлады прыйшла Камуністычная партыя. Дзесяткі тысячаў самых лепшых і таленавітых вучацца за акіянам, а гарадзкая моладзь жыве беспрэцэдэнтна больш вольна, чым пакаленьні іхных бацькоў.

Аднак Кітай усё яшчэ вырашае праблемы, засталыя ад эпохі імпэрыялізму, якая пачалася ў час візыту брытанскага лёрда Маккартні. Гэтыя праблемы – псыхалягічныя рубцы, крыўдлівы нацыяналізм і спробы мадэрнізаваць краіну, заваяваць міжнародную павагу і аб’яднаць Кітай. Праблемы драматычна сышліся пад час супрацьстаяньня ў справе амэрыканскага самалёта і яго экіпажу”.

“Усе мы – ахвяры,” – заявіў прадстаўнік кітайскага міністэрства замежных справаў, калі апісваў калізію. Для Кітаю найважнейшыя сувэрэнітэт і годнасьць. Учора амбасадар ЗША ў Кітаі Джозэф Пруер перадаў міністру замежных справаў Кітаю ліст, у якім не было прабачэньня за катастрофу. Урад ЗША папрасіў перадаць кітайскаму народу і сям’і зніклага пілёта Ванг Вэя шкадаваньне з прычыны страты. ЗША выказалі шкадаваньне з прычыны ўваходжаньня ў паветраную прастору Кітая і пасадку без атрыманьня вэрбальнага дазволу.

Аднак Кітай пераклаў выраз “вельмі шкадуем” як “shenbiao qianyi”, што азначае “глыбокае выказваньне прабачэньня ці шкадаваньня”. Амэрыканскі пераклад на кітайскую мову гучыць менш выразна. Фраза “very sorry” па-ангельску не абавязкова мае на ўвазе прызнаньне памылкі альбо прыняцьцё адказнасьці. Але Мэй Рэн’і – дырэктар амэрыканскага Цэнтру ў пэкінскім унівэрсытэце замежных моваў сказаў, што кітайскі пераклад, якім карыстаецца МЗС, напэўна прадугледжвае абодва паняцьці. Па-кітайску ня можна выкарыстоўваць гэтай фразы, калі ты не прымаеш на сябе віны за няправільныя дзеяньні”.

Двухсэнсоўны пераклад, які скарыстала кітайскае агенцтва навінаў, дало дзвюм краінам нечаканую прастору для манэўраў, - лічаць экспэрты.

Кітайскія і заходнія аналітыкі лічаць, што супрацьстаяньне на выспе Хайнань закранула некалькі ўзаемазьвязаных момантаў: перадусім гэта стратэгічныя пытаньні і роля амэрыканскіх вайскоўцаў у рэгіёнах, суседніх зь Кітаем, у тым ліку датычна Тайваню.

На думку прэзыдэнта Нацыянальнай рады амэрыканска-кітайскіх дачыненьняў Джона Гольдэна, інцыдэнт з самалётам - праяваю ўнікальнай формы кітайскага нацыяналізму, у якім Кітай адначасна адчувае, што атрымлівае недастаткова павагі і не дастаткова заслугоўвае на яе.

Гэта зноў нагадвае выпадак з лордам МакКартні. Паводле брытанскіх і гісторыкаў, ён ня біў ілбом перад імпэратарам, аднак нават сёньня кітайскія гісторыкі настойваюць на адваротным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG