Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ПАЛАТА ПРАДСТАЎНІКОЎ” ЗГАДЗІЛАСЯ НА АДЗІНЫ ЭМІСІЙНЫ ЦЭНТАР У МАСКВЕ


Валер Каліноўскі, Менск

Амаль паўгадзіны спрачаліся ў "палаце прадстаўнікоў" — ці распачынаць спрэчкі. Большасьць хацела "выказаць сваё стаўленьне праз галасаваньне", прычым пайменнае.

Як паведаміў Іван Пашкевіч, напярэдадні з дэпутатамі ад абласьцей размаўлялі кіраўнікі аблвыканкамаў ды супрацоўнікі адміністрацыі Лукашэнкі — ціск быў беспрэцэдэнтны, зазначыў Свабодзе Іван Пашкевіч. Вынік галасаваньня таксама — 95 "за", "супраць" — 3 дэпутаты.

Прычына такога пасьпешлівага рашэньня — жаданьне ўлады атрымаць 100 мільёнаў даляраў крэдыту з Расеі, бо Расея ратыфікацыю гэтага пагадненьня паставіла за ўмову пералічэньня першай траншы на 30 мільёнаў даляраў. Абмеркаваньне ў "палаце" адметна акрэсьліў адзін дэпутат, які не назваўся:

(Дэпутат: ) "Паважаныя калегі, я ўсё жыцьцё хадзіў строем: налева, направа. Вось трапіў у парлямэнт, зрабіўся дэпутатам — і тут слова няма, нават па сур’ёзным пытаньні — гэта дзікунства нейкае…"

Супраць ратыфікацыі выступалі Іван Пашкевіч, Уладзімер Навасяд, Віктар Кучынскі. Апошні назваў гэтае пагадненьне "самым прыніжальным для нашай краіны варыянтам", аднабаковымі саступкамі Расеі — маўляў, нават Шатляндыя, якая шмат стагодзьдзяў таму страціла сувэрэнітэт, мае свае шатляндзкія фунты, а Беларусь з 2005 году павінна будзе адмовіцца ад свайго рубля:

(Кучынскі: ) "Нам патлумачаць пазыцыю Расеі, што саюзная валюта — гэта менавіта расейскі рубель, а адзіны эмісійны цэнтар — гэта Цэнтрабанк РФ, ня трэба цешыць сябе ілюзіямі, што будзе іначай".

Віктар Кучынскі заявіў, што гэтае пагадненьне супярэчыць артыкулам 132 і 136 Канстытуцыі, якія прадугледжваюць, што толькі Нацыянальны банк валодае правам эмісіі грошай.

А Іван Пашкевіч нагадаў дэпутатам пра крымінальную адказнасьць за парушэньне Канстытуцыі. Кіраўнік Нацбанку Пётар Пракаповіч паспрабаваў супакоіць дэпутатаў, маўляў, гэтае пагадненьне толькі першы крок, яно не зьмяняе канстытуцыйных паўнамоцтваў Нацбанку ў галіне эмісійнай дзейнасьці ды не патрабуе зьменаў Канстытуцыі.

Паводле словаў П.Пракаповіча, канчатковыя ўмовы і тэрміны могуць быць зацьверджаныя пасьля прыняцьця так званага Канстытуцыйнага акту, выбараў Саюзнага парлямэнту, правядзеньня рэфэрэндумаў у справе зьмены канстытуцыяў.

На думку дэпутата Івана Пашкевіча, ня варта чакаць хуткага выкананьня гэтага пагадненьня:

(Пашкевіч: ) "Я лічу , што гэтае пагадненьне — толькі палітычная дэклярацыя. Тое, што яно ня можа выконвацца і ня будзе выконвацца ўладай, я ўпэўнены на 100 адсоткаў. І гэта ведаюць. Як ні дзіўна, такога гледзішча трымаюцца і члены ўраду, нават на самым версе, але казаць гэта ўголас яны ня могуць".

Пётар Пракаповіч пацьвердзіў, што дагэтуль застаюцца супярэчнасьці паміж урадамі й цэнтральнымі банкамі Беларусі й Расеі адносна будучага адзінага эмісійнага цэнтру.

Беларускі бок настойвае, каб зрабіць сыстэму цэнтральных банкаў, аб’яднаную ў Валютную раду, якая надалей можа трансфармавацца ў Саюзны банк, адкрыты для далучэньня іншых краінаў СНД. На думку Пракаповіча, гэта аналягічна сыстэме цэнтральных банкаў Эўрапейскага эканамічнага і валютнага зьвязу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG