Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІК КГБ ЗАЯВІЎ, ШТО ПАДРЫХТОЎКА НАЗІРАЛЬНІКАЎ ЗА ВЫБАРАМІ — ГЭТА ВЭРБОЎКА


Юры Сьвірко, Менск

У кулюарах сёньняшняга сэмінару ў Нацыянальным прэсавым цэнтры старшыня КГБ Леанід Ерын адказваў на пытаньні журналістаў. Ён паведаміў, што цягам наступнага паўгодзьдзя будзе завершаная справа Крыстафа Леца, нямецкага грамадзяніна, арыштаванага за шпіянаж.

Я запытаўся ў спадара Ерына пра яшчэ трох шпіёнаў, пра якіх згадваў Аляксандар Лукашэнка.

(Ерын: ) "Вы няправільна зразумелі Аляксандра Рыгоравіча. Ён не называў ані прыбалта, ані паляка, ані беларуса".

(Карэспандэнт БелаПАН: ) "Называў! 19 сьнежня ў Савеце Рэспублікі".

(Ерын: ) "Не, не. Вы разумееце, што мы ўвогуле сёньня можам прадставіць, калі ўжо так гаварыць, мо й больш за тры чалавекі. Дакладней, не чалавека, а матэрыялы для таго, каб прыняць сёньня рашэньне, зьвязанае з абмежаваньнем дзейнасьці таго або іншага прадстаўніка на нашай тэрыторыі.

Але мы пакуль, увогуле, устрымліваемся ад гэтага. Чаму? Таму што не хацелася б нам сёньня абвастраць і адносіны, і абстаноўку — і ўнутры, і асабліва міжнародную", — зазначыў старшыня КГБ Беларусі.

Я папрасіў яго таксама пракамэнтаваць частыя заявы Аляксандра Лукашэнкі пра "14 тысячаў баевікоў", як ён называе будучых назіральнікаў на прэзыдэнцкіх выбарах.

(Ерын: ) "Я тут прыхоўваць ня буду: прэзыдэнт сказаў абсалютна правільна. І калі разглядаць ужо з нашых пазыцыяў, дык гэта насамрэч сапраўдная вэрбоўка.

Калі вас запрашаюць, навучаюць, потым яшчэ плацяць і накіроўваюць выконваць тое ці іншае заданьне — хай гэта будзе назіраньне, хай гэта будзе як заўгодна, — але гэта самыя сапраўдныя прыкметы вэрбоўкі. І ў прынцыпе мы мусім займацца гэтымі людзьмі.

Вядома, 14 тысячаў мы ня будзем ахопліваць, але арганізатараў мы, безумоўна, ведаем", — сказаў спадар Ерын.

На маё наступнае пытаньне: што КГБ будзе рабіць з гэтымі арганізатарамі — мо дэпартаваць цягам 24 гадзін, як Лукашэнка сказаў, — Леанід Ерын адказаў гэтак:

(Ерын: ) "З тымі, хто вэрбуе? Я думаю, што неўзабаве пачуеце. Калі будзе неабходнасьць ды палітычная мэтазгоднасьць, а яна ўжо наступае, значыць, мы будзем скарыстоўваць і гэты мэтад. Я думаю, можа, цягам месяца-двух-трох", — паведаміў Леанід Ерын, старшыня КГБ Беларусі.
XS
SM
MD
LG