Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАБОТНІЦЫ Ў ГОРАДНІ НА СУДЗЕ ПАЙШЛІ НА МІРАВОЕ ПАГАДНЕНЬНЕ З АДМІНІСТРАЦЫЯЙ ЗАВОДУ


Сяргей Астраўцоў, Горадня

На думку Аляксандра Леха, ужо летась было ясна, што цэх апрацоўкі крэветак, які працаваў з пачатку 1990-х, мае кепскія пэрспэктывы. А новых работніц прымалі на працу нават за дзень да закрыцьця цэха.

Рэч у тым, што галяндзкую фірму "Goldfish", якая пастаўляла крэветкі, купіла больш буйное прадпрыемства. А новы гаспадар палічыў цяперашнія ўмовы для замежных партнэраў у Беларусі нявыгаднымі.

На "Альформе" жанчыны апрацоўвалі крэветкі рукамі, умовы працы былі цяжкія, плацілі няшмат. Але 23 студзеня раптам усіх раптам звольнілі — а гэта каля 600 чалавек. Жанчын прымушалі звальняцца на ўласнае жаданьне, работніцы нават не атрымалі кампэнсацыяў, якія выплачваюць, калі скарачаюць штат.

Змагацца за свае правы наважыліся толькі 16 жанчын са Свабоднага прафсаюзу ды іхная лідэрка Ірына Байрашэўская. У Гельсынскім камітэце мне патлумачылі, што згодна з калектыўнай дамовай адміністрацыя магла звольніць работніц у выпадку спыненьня паставак крэветак, як і адбылося ў студзені.

Усё ж частка звольненых жанчын зьвярнулася ў суд. Яны патрабавалі, каб адміністрацыя прызнала, што іх звольнілі з прычыны скарачэньня штату, каб выплацілі сярэднія заробкі за час вымушанага прагулу ды па 100 000 рублёў маральнай кампэнсацыі. Адказчык прапанаваў па 60 000 рублёў на заробкі ды па 10 000 рублёў кампэнсацыі кожнай. Павагаўшыся, 10 з 12 прысутных у судзе жанчын на гэтыя ўмовы пагадзіліся.

Прафсаюзныя актывісткі Ірына Байрашэўская ды Людміла Немкіна вырашылі пакінуць свае пазоўныя патрабаваньні ранейшымі.
XS
SM
MD
LG