Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЕСЬ БЯЛЯЦКІ ДАТЭРМІНОВА АДПУШЧАНЫ НА ВОЛЮ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Алеся Бяляцкага пакаралі 10-сутачным арыштам 2 красавіка. Судзьдзя, якая вынесла вырак, зь невядомай прычыны не ўлічыла, што кіраўніка цэнтру "Вясна" затрымалі адразу пасьля акцыі 25 сакавіка і недзе суткі да суду яго трымалі ў прыёмніку на Акрэсьціна.

Такім чынам, Алесь Бяляцкі мусіў выйсьці на волю толькі сёньня. Але адвакаты вырашылі дамагацца справядлівасьці. Ужо ў камэры на Акрэсьціна кіраўнік цэнтру "Вясна" напісаў скаргу раённаму пракурору і ў гарадзкі суд з патрабаваньнем удакладніць рашэньне судзьдзі Веры Паўлючук і залічыць яму ў тэрмін зьняволеньня час, праведзены ў турме да суду. Гаворыць Алесь Бяляцкі:

(Бяляцкі: ) "Адвакаты й супрацоўнікі "Вясны" дабіліся, каб гэты разгляд прайшоў дастаткова хутка. І фактычна пастанова пра ўлік гэтых сутак зьявілася пасьля 8 дзён майго арышту. Гэта значыць, 8 дзён гэтае пытаньне разглядалі, і калі б яно яшчэ зацягнулася там хаця б на суткі-паўтары, то фактычна мне прыйшлося б адседжваць гэтыя лішнія гадзіны".

Дарэчы, адвакаты Бяляцкага, Вячоркі й Беленькага дамагаюцца, каб гарадзкі суд увогуле адмяніў рашэньні раённых судоў як незаконныя, бо няма доказаў, што менавіта яны арганізавалі 25 сакавіка недазволеную ўладамі дэманстрацыю. Але суд можа разглядаць гэтыя скаргі месяц, і, на думку Алеся Бяляцкага, разгляд будзе ўжо пасьля таго, як апазыцыянэры адседзяць свае тэрміны.

Кіраўнік цэнтру "Вясна" таксама паведаміў, што на Акрэсьціна ён быў у адной камэры зь Вінцуком Вячоркам, а Павал Севярынец і Юрась Беленькі былі ў іншай.

Алесь Бяляцкі лічыць, што ўладам рэпрэсіямі ня ўдасца стрымаць палітычную актыўнасьць апазыцыі.

(Бяляцкі: ) "Я цалкам нармальна сябе адчуваю, выйшаў аптымістычна настроены, з жаданьнем актыўна працаваць далей. І я лічу, што ніякімі суткамі тут нас не запалохаеш. Гэта захады, якія мы спакойна перажывем. Гэта захады рэжыму, якія ня могуць паўплываць на нашу актыўнасьць. Таму хай яны сябе ня цешаць, што гэтымі суткамі яны зламаюць грамадзкі рух у Беларусі".

Заўтра пасьля 15 сутак арышту на волю павінен выйсьці лідэр БНФ Вінцук Вячорка, а ў нядзелю — кіраўнік Маладога Фронту Павал Севярынец.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG