Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСОЛ ВІК ПЕРАДАЎ МІНІСТРУ ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ БЕЛАРУСІ ЛІСТ АД ДЗЕЙНАГА СТАРШЫНІ АБСЭ


Уладзімер Глод, Менск

Размова двух дыпляматаў цягнулася больш як гадзіну за зачыненымі дзьвярыма міністэрскага кабінэту. Бакі дамовіліся сустрэчу прадстаўнікам мэдыяў не камэнтаваць. Але зьвесткі зь некалькіх беларускіх і замежных крыніцаў даюць магчымасьць распавесьці пра сутнасьць праблемы.

У лісьце дзейнага старшыні АБСЭ міністра замежных справаў Румыніі Джэаны ідзе гаворка пра дэкрэт №8, пра тую частку Выбарчага кодэксу Беларусі, якая рэглямэнтуе ўмовы правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў ды інстытут унутраных назіральнікаў у Беларусі.

Што тычыцца дэкрэту, дык Мірча Джэана выказвае занепакоенасьць ягонымі магчымымі наступствамі. Тут варта падкрэсьліць адну красамоўную дэталь — на нефармальнае абмеркаваньне дэкрэту на паседжаньні Палітычнага камітэту АБСЭ ў Вене, якое было ў апошняй дэкадзе сакавіка, сабраліся прадстаўнікі ўсіх, без выняткаў, краінаў АБСЭ. Як перадае наша крыніца са сталіцы Аўстрыі, гэта ці не выключны выпадак. Звычайна нефармальныя слуханьні многія краіны проста ігнаруюць.

Адносна Выбарчага кодэксу — дзейны старшыня зьвяртае ўвагу на тыя рамачныя ўмовы, безь якіх, з эўрапейскага пункту гледжаньня, заканадаўства нельга лічыць дэмакратычным.

У лісьце Мірчы Джэаны, як сьцьвярджае наша крыніца з Бухарэсту, гаворыцца й пра тое, што ўнутранае назіраньне за выбарамі ёсьць неад'емнай часткай грамадзянскай супольнасьці і не супярэчыць ані беларускаму заканадаўству, ані міжнародным пагадненьням, што падпісала Беларусь.

Апроч таго, міністар зьвяртае ўвагу на тое, што практыка выбараў у беларускі парлямэнт паказала — у краіне фактычна няма судовай установы, якая б разглядала скаргі кандыдатаў у дэпутаты й грамадзкіх арганізацыяў на парушэньні заканадаўства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG