Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРЫС БЕРАЗОЎСКІ: СУПРАЦЬ НТВ ПРАЦУЕ ФСБ


Мікола Іваноў, Прага

Барыс Беразоўскі цяпер у сувязі з тым, што ў Расеі яму пагражаюць судом, стала жыве ў замежжы. Галоўным чынам у ЗША. Але лёс незалежных сродкаў масавай інфармацыі ў Расеі яму не абыякавы. Вось чаму ён нядаўна наведаў Гішпанію, дзе разам з Уладзімерам Гусінскім яны распрацоўвалі плян выратаваньня НТВ. Барыс Беразоўскі наступным чынам характарызуе сутнасьць канфлікту вакол НТВ.

(Беразоўскі: ) “Наступны крок Пуціна – гэта зьнішчэньне ўсіх тых свабодаў, якія былі створаныя ў Расеі за апошнія 10 год. Галоўная тут цэннасьць – гэта свабода слова, свабода сродкаў масавай інфармацыі. НТВ зьяўляецца сёньня самым значным носьбітам гэтай свабоды. І таму зьнішчэньне НТВ, калі мы сапраўды хочам рухацца па шляху лібэральнага разьвіцьця, абсалютна непрыймальна”.

Далей у сваім інтэрвію лёнданскаму карэспандэнту нашага Радыё Натальлі Галіцынай Барыс Беразоўскі закрануў пытаньне ролі Ўладзімера Гусінскага ў канфлікце.

(Беразоўскі: ) “НТВ, хто б там што не гаварыў, гэта ў вялізнай частцы Гусінскі. Гэта чалавек справы. Ён стварыў кампанію з нуля. Падабаецца гэта каму-небудзь ці не, без Гісінскага НТВ – гэта ня НТВ”.

Даволі цікавую думку выказаў барыс Беразоўскі і на тэму, хто стаіць за канфліктам з НТВ:

(Беразоўскі: ) “Супраць НТВ працуе моцная сіла. Тут трэба назваць рэч сваім імём. Ня Кох працуе супроць НТВ, ні Ёрдан працуе супраць НТВ. Супроць НТВ працуе добра падрыхтаваная ў гады савецкай улады спэцслужба. Раней яна называлася КГБ, цяпер – ФСБ. Гэта абсалютны факт”.

Беразоўскі паведаміў, што падчас нядаўняй сустрэчы з Гусінскім у Гішпаніі быў распрацаваны канкрэтны плян ратаваньня НТВ. Вось ягоныя дэталі:

(Беразоўскі: ) “Я запрапанаваў Гісінскаму матэрыяльную дапамогу, вельмі канкрэтную – 50 млн. даляраў. Як вы разумееце, грошы вялікія. Гусінскі і кампанія прынялі гэтую маю падтрымку. Я гэтыя грошы ім заплаціў. Я таксама запрапанаваў, што калі НТВ надалей будзе зьнішчацца дзяржавай, мы праз “Канал 6” будзем трансьляваць тыя праграмы, якія сёньня ідуць на канале НТВ. Я знайшоў разуменьне гэтай праграмы дапамогі. Я ня ведаю, ці гэта будзе рэалізавана, але дзьверы адчыненыя”.

Закрануў Барыс Беразоўскі і праблему магчымай пакупкі часткі акцыяў НТВ амэрыканскім телемагнатам Тэдам Тэрнарам. Барыс Беразоўскі гаворыць:

(Беразоўскі: ) “Я хачу вам сказаць проста: Тэрнэр шчыры чалавек. Зразумела, што ён, як і бальшыня амэрыканцаў, ідэаліст. Ён ня вельмі разумее тое, што адбываецца ў Расеі, але ён шчыры чалавек. Ён таксама амбіцыйны. Гэта таксама добра. Ягоная пазыцыя абсалютна разумная, так як яна бачыцца з Амэрыкі. Наколькі ж яе можна рэалізаваць, гэта іншае пытаньне. Аля я асабіста ўдзячны Тэрнэру. Ён рэальна паклаў дадатковы цяжар на вагу свабоды слова ў Расеі”.

І на заканчэньне сваёй размовы з карэспандэнтам нашага Радыё Натальлі Галіцынай Барыс Беразоўскі сьцьвердзіў, што ён цяпер ня будзе вяртацца ў Расею.

(Беразоўскі: ) “Сёньня я не магу вярнуцца ў Расею. Я маю адтуль выразны знак таго, што лепш не вяртацца. Я, на вялікі жаль, вымушаны з гэтым лічыцца. Лепш мець шмат ступеняў свабоды тут, чымся сядзець у турме ў Расеі”.

Гэта быў скарочаны варыянт інтэрвію, якое Барыс Беразоўскі даў лёнданскаму карэспандэнту нашай радыёстанцыі Натальлі Галіцынай.
XS
SM
MD
LG