Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЯЎРЭАТАМ ПРЭМІІ ІМЯ ФРАНЦІШКА БАГУШЭВІЧА СТАЎ АЛЕСЬ БЕЛЫ


Валянціна Аксак, Менск

Імя ляўрэата журы здолела захаваць да самага пачатку цырымоніі ганараваньня. І вось народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін расчыняе запаветную капэрту:

(Барадулін): "Беларускі ПЭН-цэнтар ганаруе прэміяй імя Францішка Багушэвіча спадара Алеся Белага за кнігу "Хроніка Белай Русі", у якой на аснове аналізу тэкставых і картаграфічных крыніцаў зроблены першы грунтоўны досьлед назову "Белая Русь" і яе месца ў сыстэмах геаграфічных ведаў розных народаў і эпохаў".

Абвестка прывяла да разгубленасьці некаторую частку публікі, якая рыхтавалася віншаваць іншага прэтэндэнта і нават падрыхтавала для гэтага адпаведныя сувэніры.

Між тым, тыя, хто ўжо прачытаў кнігу спадара Белага, ніколькі не засумняваліся ў справядлівасьці журы. Бо, паводле статуту, прэмію імя Францішка Багушэвіча ПЭН-цэнтар прысуджае за кнігу, якая абуджае гістарычную памяць ды спрыяе фармаваньню нацыянальнае самасьведамасьці беларусаў. Чаму, несумненна, служыць "Хроніка Белай Русі".

Але як інжынэр-канструктар стаў дасьледнікам ды папулярызатарам айчыннае гісторыі?

(Белы: ) "Усё пачалося ў 1995-м годзе, калі пасьля рэфэрэндуму зьмянілі нашу дзяржаўную сымболіку. Захапленьне гісторыяй прыйшло як бы на знак пратэсту.

Якраз мне трапілася ў Лёндане эўрапейская карта XVI стагодзьдзя, на якой усходнія межы Беларусі былі пазначаныя побач з Ноўгарадам. Я захацеў разабрацца, чаму памыліліся эўрапейскія картографы, і напісаць пра гэта артыкул. Але як заглыбіўся ў крыніцы, то зразумеў, што яны не памыліліся…"

Перапісаныя расейскімі пазьнейшымі дасьледчыкамі старажытныя летапісы даверу ў чалавека, які прывык мець справу з дакладнымі рэчамі, не выклікалі. І ён зьвярнуўся да крыніцаў, якія захаваліся ў архівах эўрапейскіх краінаў. Спачатку меў стасункі з архівістамі праз пошту, а потым пашчасьціла папрацаваць у Брытанскай бібліятэцы. Пяць гадоў гэтай працы Алесь Белы сёньня назваў шчасьлівымі.

(Белы: ) "Гэта асабістая кампэнсацыя за тое неспрыяльнае для нашага грамадзтва жыцьцё ў апошняе сямігодзьдзе".

Асабістае супала з грамадзказначным і беларусазапатрабаваным.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG