Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯШЧЭ АДЗІН КРОК ДА ПОЎНАМАШТАБНАЙ ІЗРАІЛЬСКА-ПАЛЕСТЫНСКАЙ ВАЙНЫ


Юры Дракахруст, Прага

Паводле меркаваньняў назіральнікаў, гэтае новае абвастрэньне канфлікту можа прывесьці да паўнамаштабнай ізраільска-палестынскай вайны.

Financial Times цытуе ўчорашнюю заяву памочніка прэм’ер-міністра Ізраілю Шарона, які лічыць, што канфлікт ўвайшоў у новую і небясьпечную стадыю. Паводле ізраільскага боку, прычынаю паглыбленьня канфлікту сталі абстрэлы ізраільскіх паселішчаў палестынцамі з самаробных мінамётаў. Прычым абстрэл зазналі ня толькі габрэйскія паселішчы на палестынскіх тэрыторыях, але і на тэрыторыі ўласна Ізраілю. У аўторак палестынскія снайпэры абстралялі машыны, якія суправаджалі прэм’ер-міністра Ізраілю Шарона ў яго паездцы ў паселішча Нахал Оз на мяжы з сэкратам Газа.

Як нагадвае Daily Thelegraph, за паўгода апошняга блізкаўсходняга канфлікту загнінула каля 370 палестынцаў і 64 габрэя. Але да апошняга часу бакі абмяжоўвалі свае дзеяньні: палестынцы не праводзілі шырокамаштабных баявых апэрацыяў на тэрыторыі ўласна Ізраілю і не ўжывалі цяжкой зброі, такой, як мінамёты, ізраіліцяне ня ўводзілі свае войскі на палестынскія тэрыторыі, бомбавыя атакі на палестынскія ваеныя аб’екты праводзіліся пасьля папярэджаньняў і ноччу, каб не было чалавечых ахвяраў.

Зараз гэтыя абмежаваньні адкінутыя: палестынцы абстрэльваюць з мінамётаў габрэйскія паселішчы. Учора ўпершыню з пачатку канфлікту ізраільскія танкі ўвайшлі на тэрыторыю лягеру палестынскіх уцекачоў Кфар Юніс. Падчас перастрэлкі былі забітыя два палестынцы і 25 атрымалі раненьні. Вайсковыя бульдозеры разбурылі некалькі пабудоваў. Паводле заяваў ізраільскага камандаваньня, пад прыкрыцьцём гэтых пабудоваў палестынцы вялі мінамётны агонь па тэрыторыі Ізраілю. Пасьля завяршэньня апэрацыі ізраільская бранетэхніка была выведзеная з тэраторыі палестынскай аўтаноміі.
Тым ня менш палестынскія афіцыйныя асобы заклікалі да міжднароднага ўмяшальніцтва, заявіўшы, што Ізраіль парушыў сувэрэнітэт палестынскай аўтаноміі. Шэф палестынскай спэцслужбы Абдэль Разэк назваў апошнія акцыі ізраільскага войска аб’яўленьнем поўнамаштабнай вайны.

Памочнік прэм’ер-міністра Ізраілю Шарона паведаміў, што пасьля палестынскіх мінамётных абстрэлаў Ізраіль будзе наносіць удары ў адказ без усялякіх папярэджаньняў. Ужо ў аўторак днём ізраільскімі ракетамі тыпу “зямля-зямля” былі абстраляныя штаб палестынскай службы бясьпекі і штаб-кватэра палестынскай марской паліцыі: адзін чалавек загінуў, 20 – параненыя.

Прэм’ер Ізраілю Шарон у размове з дзяржсакратаром ЗША заявіў, што або Вашынгтон акажа ціск на палестынскага лідэра Арафата, каб гвалт быў спынены, або Ізраіль будзе наносіць удары ня толькі па штабах палестынцаў, а непасрэдна па кіраўніцтве палестынскай аўтаноміі.

“Цяперашняя сытуцацыя невыносная і далей так працягвацца ня можа” – заявіў ізраільскі лідэр. Ён нагадаў, што паводле пагадненьняў 1992 году пра ўсталяваньне палестынскай аўтаноміі палестынцы ня маюць права мець і ўжываць цяжкую зброю, такую, як мінамёты.

Daily Thelegraph прыводзіць словы кіраўніка паўночнай ізраільскай вайсковай групоўкаю, што самаробныя палестынскія мінамёты – зброя ня надта эфэктыўная. Але газэта адзначае, што мінамётныя абстрэлы сталі магутнай псыхалягічнай зброяй.

Міністр абароны Ізраілю Бэн-Эліезэр патлумачыў, што сёньняшні танкавы рэйд не азначае, што Ізраіль зьбіраецца ізноў акупаваць палестынскія тэрыторыі. Паводле яго словаў, рэйд быў выкліканы мінамётнымі абстрэламі. “Мы хочам вярнуць палестынцаў за стол перамоваў і мэтаю апэрацыі было прадэманстравыаць ім, што яны таксама зацікаўленыя ў працягу перамоваў” – заявіў міністар абароны Ізраілю.
XS
SM
MD
LG