Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА РАСПАЧЫНАЕ НОВЫ ДЫПЛЯМАТЫЧНЫ СКАНДАЛ


Ганна Соусь, Менск

Учора Аляксандар Лукашэнка абурыўся, што многія дыпляматы праігнаравалі ягонае пасланьне Нацыянальнаму сходу. Асабліва яго пакрыўдзіла адсутнасьць у залі прадстаўнікоў амэрыканскай амбасады: "Гэта, бачыце, паказаць хочуць, што парлямэнт у нас — не парлямэнт".

Аляксандар Лукашэнка таксама заявіў, што цяпер на мерапрыемствы зь ягоным удзелам ня трэба запрашаць дыпляматаў, якія не прысутнічалі ў часе ягонага выступу.

Як паставіліся да гэткіх пагрозаў кіраўнікі дыпляматычных місіяў?

Амбасадар Літвы Ёнас Паслаўскас, які не прысутнічаў у Авальнай залі Дома ўраду ў часе пасланьня Лукашэнкі Нацыянальнаму сходу, паведаміў наступнае:

(Паслаўскас: ) "Сярод усіх прывілеяў, якія дае амбасадарам ды дыпляматам Венская канвэнцыя 1961 году, няма прывілеі камэнтаваць унутраную палітыку альбо, як у гэтым выпадку, нейкія заявы лідэраў краіны, дзе мы знаходзімся.

Таму я гэтага й ня буду рабіць, толькі хачу зазначыць, што я ў Беларусі ўжо больш за два гады і заўсёды хадзіў на ўсе мерапрыемствы, на якія мяне запрашалі ад імя кіраўніка дзяржавы. Гэта ўсё, што я магу сказаць, а што тычыцца будучыні — я ня ведаю, і не магу камэнтаваць альбо спэкуляваць гэтымі рэчамі", — зазначыў літоўскі амбасадар Ёнас Паслаўскас.

У амбасадзе Вялікай Брытаніі нашаму радыё паведамілі, што ўсё, што тычыцца афіцыйных мерапрыемстваў — "прэрагатыва боку, які запрашае. Калі запросяць — прыйдзем, не запросяць — ня прыйдзем".

Што да іншых дыпляматычных прадстаўніцтваў, то, напрыклад, у амбасадах ЗША, Нямеччыны ды Італіі пакуль адмовіліся даваць камэнтары.

А вось як сёньня інтэрпрэтаваў заявы Аляксандра Лукашэнкі міністар замежных справаў Міхаіл Хвастоў у часе парлямэнцкіх слуханьняў у справе наступстваў Чарнобыльскай катастрофы. Яго распытваў мой калега Віталь Цыганкоў:

(Хвастоў: ) "Ніколі ён не гаварыў, што не пускаць дыпляматаў на мерапрыемствы зь ягоным удзелам…"

(Цыганкоў: ) "Не запрашаць…"

(Хвастоў: ) "Тыя, хто ня ходзяць, — гэта іхная справа. Запрашэньні такія будуць накіроўвацца ўсяму дыпляматычнаму корпусу, асабліва кіраўнікам місіяў", — паведаміў Міхаіл Хвастоў, зазначыўшы таксама, што нічога ў гэтай працэдуры ня зьменіцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG