Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ГАЛЯНДЫІ ЦЯПЕР МОЖНА ПАМЕРЦІ ПРЫ ДАПАМОЗЕ ЛЕКАРА


Вольга Караткевіч, Прага

У падтрымку свае галасы аддалі 46 з 75-ці дэпутатаў. 28 устрымаліся. Ня выключана, што легалізацыя эўтаназіі ў Галяндыі падштурхне да падобнага кроку іншыя эўрапейскія краіны.

Апошнія сацыялягічныя дасьледаваньні, праведзеныя ў Галяндыі, падаюць, што 86 працэнтаў насельніцтва – за эўтаназію. У гэтай краіне ўмярцьвеньне хворых на іхную прозьбу практыкавалася ўжо 30-ць гадоў. У апошнія часы штогод выконвалася 3 з паловаю тысячаў эўтаназіяў. Шматлікія лекары былі абвінавачаныя, але не асуджаныя судамі.

Як заяўвіў прэзыдэнт Галяндзкага таварыства дабраахвотнай эўтаназіі Якаў Констамм, надышоў час, калі эўтаназія павінна дазволіць хворым дастойна пакінуць гэты сьвет. Аднак праціўнікі самазабойства з дапамогай лекара называюць гэта злачынствам супраць чалавечага жыцьця.

У той час, як у парлямэнце Нідэрляндаў абмяркоўвалася пытаньне легалізацыі эўтаназіі, каля 10 тысячаў чалавек узялі ўдзел у акцыі пратэсту супраць легалізацыі гэтага працэсу, яны маліліся і сьпявалі рэлігійныя песьні.

Арганізацыя “Плач па жыцьці” сабрала каля 25 тысячаў подпісаў супраць законапраекта, і перадала гэтыя подпісы ў Сэнат. Таксама ў вышэйшую палату галяндзкага парлямэнту паступілі каля 60-ці тысячаў лістоў з пратэстамі. Праціўнікі эўтаназіі сьцьвярджаюць, што любое забойства – злачынства. “Мы ня можам вырашаць пытаньні жыцьця і сьмерці, гэта робіць Бог, - сказаў удзельнік дэманстрацыі пратэсту 19-ці гадовы Гэнрыка ван дэр Ноўк, “Як хрысціяне, мы проста ня можам падтрымліваць гэтага закону”.

Паводле ж прыхільнікаў эўтаназіі, мяжа паміж ёю і спыненьнем тэрапіі, што дазваляе Ватыкан, - малая.

Умовы выкарыстаньня эўтаназіі паводле галяндзкага законапраекту наступныя: невылечна хворы пацыент павінен сьвядома, дабраахвотна і шматразова прасіць свайго лекара дапамагчы пайсьці з жыцьця, цярпеньне хворага павінна быць ахарактаразаванае як невыноснае, пастанова – пракансультаваная з незалежным лекарам. Эўтаназія павінна адбывацца ў адпаведных мэдычных варунках, лекар павінен праінфармаваць пра яе судовага лекара. Недапушчальная дапамога ў сьмерці, калі пацыент толькі змучаны жыцьцём. Ніхто ня мае права змушаць лекара да эўтаназіі.

Афіцыйна новы галяндзкі законапрает будзе дзейнічаць пасьля таго, як яго падпіша каралева Бэатрыке і ён будзе апублікаваны ў дзяржаўных СМІ. Гэта адбудзецца летам.

На гэты момант у сьвеце права на сьмерць рэгулюецца ў наступных краінах:

Данія: невылечна хворы можа сам вырашыць пра спыненьне далейшага ратаваньня ягонага жыцьця.

Францыя: закон забараняе эўтаназію, але адрозьнівае “дзейсную эўтаназію ( самазабойства з дапамогай) і легальная - умоўная (калі спыняецца далейшае ратаваньне жыцьця хворага)

Нямеччына: сьмяротна хворы можа выступіць супраць далейшага падтрыманьня яго жыцьця, гэтае рашэньне мусіць пацьвердзіць адмысловая юрыдычная інстытуцыя.

Швэцыя: у пэўных выпадках лекар можа адключыць штучнае дыханьне. Дапамога памерці – нелегальная, але на падлягае пакараньню.

Вялікая Брытанія: эўтаназія нелегальная, але ад 1993 году лекарам дазволена выключаць апаратуру, якая падтрымоўвае жыцьцё.

ЗША: у 1994 годзе адзіны штат Арэгона легалізаваў “самазабойства з дапамогай лекара” для хворых, якія патрабуюць такой дапамогі, але, паколькі суду была прадстаўленая скарга, ніхто пакуль не скарыстаў з такой магчымасьці.

Аўстралія: у 1996 годзе парлямэнт Паўночнай Тэрыторыі дапусьціў “самазабойства з дапамогай”, але праз год адмяніў пастанову.

Улады Нідэрляндаў цяпер хвалююцца, што легалізацыя практыкі умярцьвеньня прывядзе да таго, што хворыя зь іншых краінаў будуць імкнуцца ў Нідэрлянды, каб законна пайсьці з жыцьця з дапамогай лекараў. Але ў зацьверджаным законапраекце выключаецца магчымасьць этаназіі ў дачыненьне нежыхароў Нідэрляндаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG