Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТОГОД ДЗЯРЖАВА ДАЕ МЕНЕЙ ГРОШАЙ НА ЧАРНОБЫЛЬСКІЯ ПРАГРАМЫ Ў БЕЛАРУСІ


Віталь Цыганкоў, Менск

Амаль усё афіцыйнае кіраўніцтва краіны сабралася сёньня ў авальнай залі "палаты прадстаўнікоў" на парлямэнцкія слуханьні, прысьвечаныя чарнобыльскім праблемам. Выступілі міністры, навукоўцы, кіраўнікі пацярпелых раёнаў, дэпутаты расейскага ды ўкраінскага парлямэнтаў.

Прэм'ер-міністар Уладзімер Ярмошын у сваім выступе згадаў вядомыя факты — чарнобыльская бяда закранула чвэрць Беларусі, кожны пяты жыхар краіны дагэтуль зьведвае наступствы гэтай глябальнай катастрофы.

"У бюджэце Беларусі выдаткі на чарнобыльскую праграму складаюць значную частку, і асобныя гады дасягалі ад 20 да 25% рэспубліканскага бюджэту. Сёлета яны складуць 240 мільярдаў рублёў", — адзначыў Уладзімер Ярмошын, але не паведаміў, колькі гэта адсоткаў зь бюджэту.

Адметна, што кожны год за кіраваньнем Лукашэнкі сумы, якія выдаткоўваюцца на чарнобыльскія праграмы, зьмяншаюцца. Сёлета на пераадоленьне наступстваў катастрофы выдаткавана толькі 6,8% рэспубліканскага бюджэту, а напачатку 1990-х гэтая лічба сапраўды дасягала 20%.

Вось што кажа пра палітыку афіцыйных уладаў кіраўнік найбуйнейшага чарнобыльскага сайту ў Інтэрнэце (www.chernobyl.da.ru) Юры Шаўцоў:

(Шаўцоў: ) "Ніхто й не хавае, што грошай выдаткоўваецца на Чарнобыльскія праблемы ўсё менш. Нядаўна (летась, здаецца) афіцыйна абвесьцілі, што ў нас адсялілі ўсіх, каго меркавалі адсяляць. Негледзячы на тое, што на тэрыторыі з узроўнем забруджанасьці звыш 15 кюры на кілямэтар у нас жыве каля 140 тысячаў чалавек. На Ўкраіне людзі з такіх тэрыторыяў даўно адселеныя.

Таго, што выдаткоўваецца, зразумела, недастаткова. Але і тыя грошы марнуюцца, на мой погляд".

На слуханьнях адзначалі, што міжнародная супольнасьць пачынае забывацца пра Чарнобыль. Аднак, як адзначыў у сваім выступе міністар надзвычайных сытуацыяў Валер Астапаў, беларускія прадстаўнікі самі так зьнівэлявалі наступствы аварыі, што міжнародная супольнасьць сапраўды пачынае лічыць, што Беларусі дапамога не патрэбная.

У кулюарах "палаты прадстаўнікоў" я запытаўся ў міністра замежных справаў Беларусі Міхаіла Хвастова, што будзе рабіць МЗС, каб чарнобыльская тэма гучала на міжнародным узроўні.

(Хвастоў: ) "Чарнобыльская тэма за межамі Беларусі ня сьціхне ніколі. Па-першае, таму што пытаньне стаіць на парадку дня Генэральнай Асамблеі ААН, актыўна таксама разглядаецца ў МАГАТЭ, у Міжнароднай арганізацыі аховы здароўя. Існуюць таксама праграмы дапамогі чарнобыльскай тэматыкі ЮНЭСКА. Я ня бачу тут праблемаў аніякіх".

Юры Шаўцоў лічыць, што апошнія гады Беларусь ня мела ніякай замежнапалітычнай лініі ў чарнобыльскім пытаньні.

(Шаўцоў: ) "Галоўнай незацікаўленай у падтрымцы Беларусі звонку асобай, на жаль, была наша дзяржава. Можна пагаджацца ці не пагаджацца з палітыкай Лукашэнкі, але што тычыцца чарнобыльскага пытаньня — гэта дрэнная палітыка.

Сем гадоў нашая дзяржава не вяла мэтанакіраванай замежнапалітычнай лініі па чарнобыльскім пытаньні. Мы практычна цалкам згарнулі сваю прапаганду і актыўнасьць вакол чарнобыльскага пытаньня на нашай тэрыторыі.

Толькі апошнія паўтара-два гады (я думаю, толькі са зьяўленьнем Урала Латыпава на пасадзе міністра замежных справаў) — толькі тады мы пачалі нешта рабіць", — лічыць Юры Шаўцоў.

Зрэшты, справа ня толькі ў грошах. Многія праблемы можна вырашыць праз элементарную каардынацыю дзеяньняў розных міністэрстваў, прапагандай сярод насельніцтва, разумным падыходам. Напрыклад, як адзначыў міністар надзвычайных сытуацыяў Астапаў, найбольш грошай ідзе на лячэньне хваробаў, а не на прафіляктыку. "Мы змагаемся не з прычынамі, а з наступствамі", — канстатаваў Астапаў.

XS
SM
MD
LG