Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МАЛАДЫ ФРОНТ ПРАВЁЎ ПІКЕТ ЛЯ ТУРМЫ НА АКРЭСЬЦІНА


Альгерд Невяроўскі, Менск

Cямёра актывістаў Маладога Фронту прыйшлі сёньня да сьценаў менскага прыёмніка-разьмеркавальніка, дзе адбываюць пакараньне лідэр БНФ Вінцук Вячорка, ягоны намесьнік Алесь Бяляцкі, кіраўнік Маладога Фронту Павал Севярынец і выканаўца абавязкаў старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі.

У руках яны трымалі плякаты з надпісамі "Свабоду палітвязьням!", "Наш час набліжаецца, рэжым нэрвуецца", "Мяняем Сашу на Пашу" і бел-чырвона-белы сьцяг. Маладафронтаўцы адразу ж пачалі скандаваць: "Свабоду палітвязьням!", "Свабоду Севярынцу!", "Свабоду Вінцуку!", "Свабоду Бяляцкаму!", "Жыве Беларусь!"

З-за закратаваных вокнаў прыёмніка нехта з апазыцыянэраў махаў пікетоўцам. Маладафронтаўцы лічаць, што зьняволеным лідэрам апазыцыі цяпер вельмі неабходная маральная падтрымка з волі. Гаворыць арганізатар сёньняшняй акцыі, намесьнік старшыні Маладога Фронту Аляксей Шэін:

(Шэін: ) "Калі людзі сядзяць 15 сутак (нехта, можа, упершыню сеў на такі доўгі час на Акрэсьціна), безумоўна, патрэбная добрая маральная, псыхалягічная падтрымка гэтым людзям. Некаторыя кажуць, што на 9-ы дзень чалавек фактычна, бывае, ламаецца на Акрэсьціна — яму сапраўды вельмі блага робіцца ў маральным пляне, і мы вырашылі якраз у гэты час прыйсьці на Акрэсьціна й сказаць словы падтрымкі".

Пікет скончыўся даволі хутка. Міліцыянты, што ахоўваюць прыёмнік, ніяк не адрэагавалі на правядзеньне гэтай несанкцыянаванай акцыі.

Рознага кшталту акцыі Маладога Фронту праходзяць апошнім часам даволі часта. Сёньня ж лідэры гэтай моладзевай арганізацыі Аляксей Шэін і Аляксей Чарняеў правялі прэсавую канфэрэнцыю, у часе якой падсумавалі вынікі сваёй дзейнасьці за два месяцы.

За гэты час па ўсёй Беларусі прайшло больш за 60 розных маладафронтаўскіх мерапрыемстваў. Паводле Аляксея Чарняева, галоўная задача гэтых акцыяў — праз тэатралізаваныя шоў і гумар абудзіць у моладзі жаданьне пераменаў. Каб яны прыйшлі на прэзыдэнцкія выбары і прагаласавалі за дастойнага кандыдата.

На думку лідэраў Маладога Фронту, выконваць гэтую задачу ім пакуль удаецца. І з набліжэньнем выбараў колькасьць акцыяў Маладога Фронту будзе павялічвацца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG