Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ФУТБОЛЬНАЙ ЗБОРНАЙ БЕЛАРУСІ ДАПАМАГАЕ "ВОІН ХРЫСТА"


Ігар Карней, Менск

Сапраўдная ж ягоная роля — мабілізаваць гульцоў на духоўныя подзьвігі ды змагацца з рознай нечысьцю.

Сам Віктар Жакоўка называе сябе няйначай як Воін Хрыста. Чаму так узьнёсла? — пацікавіўся я на пачатку размовы.

(Жакоўка: ) "Адзіная ваяўнічая царква — праваслаўная. Яна змагаецца супраць князёў цемры, якія рукамі прэзыдэнтаў, бізнэсоўцаў і г.д. зьнішчаюць праваслаўе ды іншых людзей. Супраць сілаў, якія вымушаюць чалавека рабіць тое, чаго ён ня хоча".

(Карэспандэнт: ) "Як з такой ваяўнічай пазыцыяй вас успрынялі ў камандзе?"

(Жакоўка: ) "Паглядзеце на замежныя матчы. Яны там і шаманаў запрашаюць, і ўсялякае глупства, але: усе хрысьцяцца, моляцца, кругамі становяцца; выконваюць пэўныя рытуалы для настрою каманды.

Праваслаўная царква кажа: калі Гасподзь з вамі, то хто можа быць супраць вас? Стагодзьдзямі ў нас усё сьвянцілі. Чаму тады не пасьвянціць футбольнае поле, буцы, засьцерагчыся ад траўмаў? Я не выконваю рытуалы, я малюся. Як атрымліваецца — бачыце самі. Мы, напэўна, робім тое, чаго няма больш у сьвеце".

Цягам апошніх гадоў у шэрагах заўзятараў існуе такая прыкмета: варта Лукашэнку зьявіцца на трыбунах — і каманда адразу ж прайграе.

Віктар Жакоўка (як сапраўды ваяўнічы хрысьціянін) тлумачыць гэта тым, што на Лукашэнку працуе вялізная армія экстрасэнсаў, якія з праваслаўем ня маюць нічога агульнага. Таму натура Лукашэнкі такая, што ён ня можа адэкватна ўспрымаць чужыя перамогі — абсалютным лідэрам павінен быць толькі ён. Менавіта з гэтай прычыны, на думку Віктара Жакоўкі, Лукашэнка не прыйшоў у разьдзявальню пасьля нядаўняга матчу са зборнай Нарвэгіі: маўляў, ён разьлічваў на паразу.

(Жакоўка: ) "Любы правіцель — ад Бога. Які кіраўнік — такі й народ. І гора таму народу, у якога бязбожны ўзвысіцца. Наш правіцель увесь час заяўляў, што ён праваслаўны хрысьціянін. Праўда, потым ён казаў, што ён і атэіст, і камуніст, і яшчэ няведама хто. Але гасподзь зрабіў яго правіцелем. Хто другі зараз заявіць, што ён праваслаўны хрысьціянін?"

(Карэспандэнт: ) "Вам не здаецца, што Лукашэнка даволі па-панібрацку ставіцца да праваслаўных сьвятароў?"

(Жакоўка: ) "Мы разглядаем справы людзей у залежнасьці ад сваёй грахоўнасьці. Ты ў царкву ня ходзіш, не прычашчаесься — у цябе адно стаўленьне да Лукашэнкі. Я хаджу, і таму маю сваё гледзішча. Прычашчаесься — будзе ў цябе сьвяты дух, не — будзе нячысты. І колькі ні будзеш казаць, што ты праваслаўны хрысьціянін, гэта ня выратуе.

Спытайся ў Лукашэнкі: калі вы, Аляксандар Рыгоравіч, прычашчаліся? 150 год таму? І ўсё — табе зразумела, які дух".

Паводле Жакоўкі, любая праца, у тым ліку і футбол, павінна рабіцца дзеля славы Боскай. Хто робіць так — у таго ўсё атрымліваецца. А інакш і з двух мэтраў можна нікуды не пацэліць.
XS
SM
MD
LG