Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ КІРАЎНІК БПСМ НОВЫХ ІДЭЯЎ НЯ МАЕ


Валер Каліноўскі, Менск

Новы лідэр пралукашэнкавага Беларускага патрыятычнага саюзу моладзі Юры Салаўёў паведаміў сёньня, што ягоная арганізацыя на будучых прэзыдэнцкіх выбарах будзе падтрымліваць толькі Аляксандра Лукашэнку.

Спадар Салаўёў прызнаўся, што ён абраны першым сакратаром ЦК БПСМ "не за новыя ідэі, а за ўменьне працаваць у гэтай арганізацыі, дабівацца вынікаў, не прыдумляючы нечага новага". Гаворыць Юры Салаўёў:

(Салаўёў: ) "Ніякай зьмены палітычнага курсу нашай арганізацыі ня будзе. Наша арганізацыя была створаная дзякуючы падтрымцы прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і будзе заўсёды, я лічу, адназначна падтрымліваць ягоную палітыку".

Спадар Салаўёў не дапускае нават магчымасьці, што прэзыдэнтам Беларусі будзе абраны іншы — не Лукашэнка.

Былы кіраўнік БПСМ Усевалад Янчэўскі, які вымушаны быў пакінуць гэтую пасаду, бо быў абраны ў "палату прадстаўнікоў", падтрымлівае Салаўёва. Янчэўскі гаворыць пра заслугі А.Лукашэнкі ў вырашэньні моладзевых праблемаў: кватэрнага будаўніцтва, арганізацыі "Лукашэнкавага прызыву" ў ВНУ, працаўладкаваньня.

(Янчэўскі: ) "Пахваліце прэзыдэнта, я вас прашу, ён гэтага заслугоўвае", — зьвярнуўся непасрэдна да Радыё Свабода як да "радыёстанцыі з традыцыямі" Ўсевалад Янчэўскі.

У такой пазыцыі БПСМ няма нічога новага, арганізацыя адмыслова створаная й фінансуецца ўладамі для мабілізацыі падтрымкі Аляксандра Лукашэнкі сярод моладзі, яна будзе максымальна выкарыстоўвацца падчас перадвыбарчай кампаніі, — лічыць намесьнік старшыні арганізацыі "Маладыя сацыял-дэмакраты" Марына Азаронак:

(Азаронак: ) "Большая частка моладзі, якая ўсё разумее, яна ўжо вызначылася, а вось апалітычная моладзь — вось за тую будзем змагацца, я думаю, што ім ня ўдасца прыцягнуць яе да сябе. Мы будзем актыўна змагацца за моладзь, за ейныя галасы. У гэтым я ўпэўненая".

Марына Азаронак лічыць, што БПСМ як арганізацыя, якая зьбірала сваіх сяброў пад прымусам ды абяцаючы розныя льготы, ня мае аўтарытэту сярод моладзі як у Менску, так і ў рэгіёнах.

XS
SM
MD
LG