Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КНГ АБСЭ ЎСЁ РОЎНА БУДЗЕ СУПРАЦОЎНІЧАЦЬ З НАЗІРАЛЬНІКАМІ ЗА ВЫБАРАМІ


Уладзімер Глод, Менск

Пра гэта кіраўнік КНГ АБСЭ амбасадар Вік паведаміў на сёньняшнім паседжаньні Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў.

Ганс-Георг Вік патлумачыў, што ўнутранае назіраньне за выбарамі ёсьць неад'емнай часткай грамадзянскай супольнасьці любой краіны. І Беларусь тут не выключэньне.

Па-другое, ані беларускае заканадаўства, ані міжнародныя пагадненьні, што падпісала Беларусь, не забараняюць КНГ АБСЭ супрацоўнічаць з тымі структурамі грамадзянскай супольнасьці, якія будуць сачыць за выбарчай кампаніяй. Прытым, КНГ дапамагае ўнутраным назіральнікам галосна й адкрыта.

Амбасадар адзначыў, што праца ня будзе абмежаваная толькі часам галасаваньня. Патрэбна сачыць і за прававымі, інфармацыйнымі, іншымі аспэктамі выбарчай кампаніі, весьці ўсебаковы маніторынг.

Удзельнікі паседжаньня падзяляюць такія думкі. Яны лічаць, што законнасьць і легітымнасьць дзейнасьці ўнутраных назіральнікаў разумее і сам Лукашэнка. А таму наўмысна напружвае абстаноўку, дыскрэдытуе ідэю назіраньня і запалохвае людзей, якія хацелі б быць назіральнікамі.

Лідэры партыяў зьвярнулі ўвагу на фрагмэнт учорашняга выступу Лукашэнкі, у якім ён паведаміў, што падчас паездкі ў Маскву атрымліваў 36 даляраў сутачных, і гэта пры бясплатным харчаваньні і пражываньні. Дык тае бяды, калі назіральнік, які правядзе ўвесь дзень на выбарчым участку, атрымае нейкіх 5 даляраў. Яму ж за гэтыя грошы яшчэ і паесьці трэба.

Амбасадар Вік таксама патлумачыў сытуацыю, што склалася ў сувязі з учорашняй заявай Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў. Нагадаю, сп.Віка крытыкавалі за тое, што ён у справаздачы на адрас АБСЭ напісаў, што КРДС рыхтуецца байкатаваць прэзыдэнцкія выбары — а гэта не адпавядае рэчаіснасьці.

Амбасадар патлумачыў, што гэта не ягонае сьцьверджаньне — ён проста агучыў думку незалежных назіральнікаў, якія не выключаюць такога разьвіцьця падзеяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG