Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АРЫШТ МІЛОШАВІЧА: ЗНАЧЭНЬНЕ І НАСТУПСТВЫ


Юры Дракахруст, Прага





1 красавіка ў Бялградзе быў арыштаваны былы прэзыдэнт Югаславіі Слабадан Мілошавіч. Супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа па абвінавачаньні ў перавышэньні ўлады і ў фінансавых махінацыях. Сёньняшні “Праскі акцэнт” прысьвечаны абмеркаваньню значэньня гэтай падзеі і аналізу яе магчымых наступстваў. Як ставіцца да арышту былога прэзыдэнта югаслаўскае грамадзтва? Які урок з арышту Мілошавіча зробяць для сябе дыктатары, якія яшчэ застаюцца ва ўладзе ў розных краінах сьвету? Чаму заходнія краіны так настойваюць на выдачы Мілошавіча Міжнароднаму трыбуналу? Ці выдадуць яго ўрэшце трыбуналу югаслаўскія ўлады?

(Дракахруст: ) “Як ацэньвае югаслаўскае грамадзтва арышт Мілошавіча? Ці ёсьць нейкія дадзеныя апытаньняў? Якая рэакцыя палітычнай эліты, сродкаў масавай інфармацыі?”

(Куге: ) “Як грамадзтва ацэньвае – гэта цалкам зразумела, калі паглядзець на тую групу прыхільнікаў Мілошавіча, якія патрабуюць яго вызваліць і зьбіраюцца каля цэнтральнай вязьніцы. Там толькі старыя і актывісты ягонай партыі – чалавек прыкладна 200.

Вельмі характэрна, што 1 красавіка пасьля арышту Мілошавіча адна бялградзкая радыёстанцыя ў якасьці першакрасавіцкага жарту паведаміла, што Мілошавіча сьледчыя ворганы ўжо вызвалілі. Рэакцыя была імгненаю. Людзі тэлефанавалі на гэтую радыёстанцыю ў жаху, як гэта можа быць. Пакуль самых апошніх дадзеных апытаньняў грамадзкай думкі па гэтай праблеме няма. Але, калі меркаваць па званках людзей у прамы эфір розных радыёстанцыяў, пераважная большасьць людзей ухваляе арышт Мілошавіча, часта нават кажуць: “Трэба было яго арыштаваць яшчэ ў кастрычніку. Але, на жаль, у крымінальным кодэксе няма такога артыкулу, паводле якога мусіць адказваць былы прэзыдэнт. Было б сьмешна, калі б яго судзілі толькі за злоўжываньне службовым становішчам, карупцыю і фінансавыя махінацыі”.

Паводле апытаньняў, якія былі праведзеныя месяц таму, больш за 80% апытаных лічаць, што Мілошавіч мусіць адказваць перад судом. Тут нават няма чаго камэнтаваць. І мэдыі, і палітычная эліта выказваюць задавальненьне тым, што падчас арышту ўсё адбылося прасьцей, чым чакалася, без сур’ёзнага праліцьця крыві. Аднак крытыкуецца тое, што пад час арышту не было неабходнай каардынацыі паміж войскам і міністэрствам унутраных справаў. Напачатку гэта часам нагадвала дрэнна пастаўлены спэктакль”.

(Дракахруст: ) “Паводле Вашых словаў, у югаслаўскім грамадзтве няма расколу паводле гэтага пытаньня. Але сытуацыя з арыштам Мілошавіча вызначыла супярэчнасьці паміж учорашнімі саюзьнікамі: прэзыдэнтам Югаславіі Каштуніцам і прэм’ер-міністрам Сэрбіі Джынджычам. Наколькі глыбокія гэтыя супярэчнасьці, наколькі яны распаўсюджваюцца на ўсё грамадзтва?”

(Куге: ) “Не сакрэт, што Каштуніца і Джынджыч зьяўляюцца галоўнымі супернікамі на сэрбскай палітычнай арэне. Джынджыч – надзвычай прагматычны палітык, а Каштуніца – памяркоўны нацыяналіст, які не сымпатызуе Захаду. Аднак падзеі вакол арышту Мілошавіча паказалі, што ўсе супярэчнасьці былі толькі наконт спосабу прыцягненьня былога правадыра да судовай адказнасьці. Гэтыя супярэчнасьці не такія ўжо істотныя, яны ў асноўным тычыліся спосабу арышту, сродкаў, якія пры гэтым ўжываліся, і, зразумела, пытаньня, ці трэба адпраўляць Мілошавіча ў Гаагу. Гэтыя супярэчнасьці былі пераадоленыя, але, сапраўды, супярэчнасьці паміж Джынджычам і Каштуніцам распаўсюджваюцца на велізарную частку сэрбскага грамадзтва”.

(Дракахруст: ) “Справы як Мілошавіча, гэтак і Піначэта сьведчаць пра тое, што дыктатарам у рэшце рэшт даводзіцца плаціць паводле рахункаў. Ян, як Вы лічыце, які ўрок з гэтага робяць дзейныя дыктатары: ці той, што трэба ўсё ж ведаць «меру» ў злачынствах, ці наадворот, што за ўладу трэба трымацца да апошняга, паводле формулы “пераможцаў ня судзяць”?

(Максімюк: ) “Мне невядомы прыклад такога дыктатара, які вынес бы нейкі ўрок з досьведу іншых дактатараў і, напрыклад, добраахвотна здаў бы ўладу. Мне здаецца, што ніякіх урокаў для дыктатараў не існуе. Яны трымаюцца за ўладу да таго моманту, пакуль ціск абставінаў не вымушае іх адысьці ад улады, інакш кажучы, пакуль апазыцыя іх ня ськіне.

Калі рабіць абагульненьне, варта сказаць, што дыктатары прыходзяць да ўлады на хвалі народнай падтрымкі, і маюць яе даўгі час. Гэта тычыцца і Мілошавіча, і Піначэта, і Гітлера, і Сталіна, і ўсім нам вядомага дыктатара Лукашэнкі. Зь цягам часу гэтая падтрымка зьмяншаецца, але тады дыктатары знаходзяць іншыя сродкі, каб утрымаць уладу: яны ўзмацняюць рэпрэсіўны апарат, паліцыю, яны ўзмацняюць свой апарат, ці, кажучы звыклым для Беларусі тэрмінам, “вэртыкаль”. Усе гэтыя слаі грамадзтва – апарат, паліцыя, войска, частка народу, якая да канца не расчаравалася ў дыктатары – падтрымліваюць яго да канца. І калі тыя, хто гатовыя стаяць за дыктатара, псыхалягічна перамагаюць тых, каму дыктатар не падабаецца, ён застаецца пры ўладзе. Дыктатар можа нават разумець, што яго праўленьне ўжо не прымаецца ў краіне, але ж яго штучна адразаюць ад народу, зь якога ён выйшаў. Таму ён ніколі ня прыйдзе да высновы, што народ яго больш ня хоча...”

(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
XS
SM
MD
LG