Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІК АМБАСАДЫ ЮГАСЛАВІІ АДКАЗАЎ У НАШЫМ ЭФІРЫ БЕЛАРУСКАМУ ТЭЛЕБАЧАНЬЮ НА ЯГО СУМНЕНЬНІ Ў СПРАВЕ ЛЕГІТЫМНАСЬЦІ КАШТУНІЦЫ


Юры Сьвірко, Менск

Лейтматывам суботняй перадачы было тое, што Захад хоча паўтарыць югаслаўскі сцэнар у Беларусі. У часе нарады “вэртыкалі” ў пятніцу кіраўнік Лукашэнкавай адміністрацыі Міхаіл Мясьніковіч якраз і заявіў, што беларуская апазыцыя “перамагчы ня зможа, і таму задуманыя варыянты фальсыфікацыі выбараў, адзін зь якіх — альтэрнатыўны падлік галасоў на карысьць апазыцыйнага кандыдата да абвешчаньня афіцыйных зьвестак вынікаў галасаваньня”.

Дык ці абраны на югаслаўскага прэзыдэнта Ваіслаў Каштуніца? І як Югаславія ставіцца да такіх паралеляў, якія правялі “Тайныя спружыны палітыкі”? Пра гэта я спытаўся ў цяперашняга кіраўніка югаслаўскае амбасады ў Менску Слабадана Ярчавіча.

(Ярчавіч: ) "На жаль, у мяне была дэлегацыя зь Югаславіі, і я ня бачыў гэтай праграмы — гэта было ў суботу. Я мушу сказаць, што прэзыдэнт Каштуніца быў абраны народам Югаславіі, таму што большасьць людзей галасавала за яго.

Гэта ня ёсьць важным, што прэм’ер Вялікай Брытаніі або іншы прэм’ер на Захадзе заявіў, што Каштуніца перамог ці не. Гэта ня ёсьць важным — народ Югаславіі галасаваў за Каштуніцу. І ён меў на 11% больш галасоў, чым Слабадан Мілошавіч", — заявіў спадар Ярчавіч, часовы павераны ў справах Югаславіі ў Беларусі.

Нагадаю, што першым аўтарам “Тайных спружынаў палітыкі” ёсьць Віктар Нікольскі — гэта псэўданім старшыні Белтэлерадыёкампаніі Віктара Чыкіна, якім ён калісьці падпісваўся як рэдактар газэты “Мы и время”. Гэткім чынам, кіраўніцтва Беларускага тэлебачаньня заяўляе, што югаслаўскі прэзыдэнт ня быў абраны.

А ці прызнае ўвогуле афіцыйны Менск прэзыдэнтам Ваіслава Каштуніцу? Вось як адказаў на гэтае пытаньне на апошнім брыфінгу прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Павал Латушка:

(Латушка: ) "Я хацеў бы яшчэ раз падкрэсьліць: што тычыцца праграмаў тэлебачаньня, дык мы зыходзім з таго меркаваньня, што гэта зьяўляецца думкай журналістаў".

Югаслаўскі ж дыплямат выказаўся на гэты конт так:

(Ярчавіч: ) "Калі гэта ня ёсьць афіцыйным словам ураду Беларусі, мы ня хочам пратэставаць, але я думаю, што, калі я пагляджу гэтую праграму, я магу напісаць ліст на тэлебачаньне — пра тое, што я сказаў вам зараз.

Я магу сказаць вам, што Міністэрства замежных справаў паважае прэзыдэнта Каштуніцу, а таксама й прэзыдэнт Лукашэнка некалькі тыдняў таму сказаў, што Каштуніца прэзыдэнт Югаславіі ды што ён вялікі патрыёт сваёй краіны", — паведаміў Слабадан Ярчавіч, кіраўнік югаслаўскае дыпляматычнае місіі ў Менску.

Нядаўна Аляксандар Лукашэнка, на якога спаслаўся спадар Ярчавіч, выказаў сваё абурэньне з нагоды арышту Слабадана Мілошавіча. Спадару Лукашэнку вельмі не спадабаўся арышт былога прэзыдэнта, таму ён рэзка асудзіў гэтую акцыю.

Вось што думае з гэтай нагоды часовы павераны ў справах Югаславіі ў Беларусі:

(Ярчавіч: ) "Я думаю, што іншыя краіны ня маюць столькі інфармацыі пра тое, чаму Мілошавіч арыштаваны. Але мы мусім чакаць абмеркаваньня ў югаслаўскім судзе.

Гэта вельмі важна, што людзі, якія ня ведаюць усяго… Я не скажу, што прэзыдэнт Беларусі ня мае фактаў, ён мае факты — я думаю, ён думаў, што гэта ня ёсьць крокам, які трэба было так хутка рабіць супраць чалавека, які быў прэзыдэнтам Югаславіі ды Сэрбіі 10 гадоў. Гэтае меркаваньне маюць шмат якія людзі ў сьвеце — што ня трэба было арыштоўваць Слабадана Мілошавіча.

Між тым наш суд сабраў такія факты, што яны б сказалі: з гэтымі фактамі кожная дзяржава сьвету будзе арыштоўваць чалавека, і ня будзе важна, прэзыдэнт ён ці не", — заявіў Слабадан Ярчавіч, кіраўнік югаслаўскае амбасады ў Беларусі.
XS
SM
MD
LG