Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАНЦЛЕР НЯМЕЧЧЫНЫ ШРОДЭР ЗАКЛІКАЎ ПУЦІНА ДАТРЫМЛІВАЦЬ СВАБОДУ СЛОВА Ў РАСЕІ


Мікола Іваноў, Прага

Між тым, наступ уладаў на адзіную расейскую незалежную тэлекампанію НТВ працягваецца.

Сытуацыя журналістаў НТВ, якія праводзяць акцыю пратэсту ў будынку тэлекампаніі, за апошні дзень пагоршылася. З тэлекампаніі сыйшлі некалькі дзясяткаў журналістаў, у тым ліку папулярная вядучая теленавінаў Тацяна Міткова. Ёсьць інфармацыя, што новапрызначаны генэральны дырэктар НТВ Барыс Ёрдан хоча дасягнуць зь ёй кампраміс і запрапанаваць ёй пасаду новага галоўнга рэдактара.

Пакінулі акцыю пратэсту і ўсе журналісты, якія працавалі над праграмай “Крымінальная хроніка”.

Упершыню ў справе канфлікту выказаўся сам Пуцін. Паабяцаўшы бараніць свабоду слова, ён, аднак, схарэктарызаваў увесь канфлікт як чыста эканамічны, які можа быць вырашаны толькі ў судзе. Пра гэта Пуцін заявіў былому прэзыдэнту Савецкага Саюзу Міхаілу Гарбачову. Гарбачоў наведаў яго ў Крамлі ў якасьці старшыні Рэдакцыйнай рады НТВ. Пуцін параўнаў апошнія падзеі вакол НТВ з пакупкай амэрыканскай карапарацыяй “Джэнэрал электрык” тэлекапаніі NВС. Калектыў телестанцыі, падкрэсьліў Пуцін, ня мае ніякага права абіраць сабе мэнэджэраў.

Паводле словаў Гарбачова, Пуцін выказаўся за захаваньне ў нязьменным складзе калектыву журналістаў НТВ. Расейскі прэзыдэнт таксама лічыць, што ў справу павінен умяшацца Вярхоўны суд Расеі.

“Права прыватнай уласнасьці, – падкрэсліў Пуцін, – павінна быць сьвятым”.

Сярод тых, хто пакінуў шэрагі НТВ, быў вядомы журналіст Леанід Парфёнаў. Ягоны сыход суправаджаўся даволі спрэчнымі камэнтарамі маскоўскай прэсы.”Независимая газета” піша, што Парфёнаў зьвярнуўся да галоўнага рэдактара НТВ ды ідэйнага кіраўніка цяперашніх пратэстаў Яўгена Кісялёва з адкрытым лістом. У адказ Кісялёў назваў Парфёнава “здраднікам” і “самалюбцай”.

За канфліктам вакол НТВ пільна сочыць уладальнік адной з самых буйных телекампаніяў сьвету – СNN, Тэд Тэрнэр. Тэрнэр цяпер вядзе перамовы аб пакупцы буйнога (магчыма кантрольнага) пакету акцыяў НТВ. На ягоную думку вартасьць НТВ палягае менавіта ў еднасьці калектыву журналістаў, якія там працуюць. Калі ён распадзецца, дык Тэрнэру па-просту ня будзе чаго купляць. НТВ поўнасьцю страціць сваю вартасць у гэтым выпадку. Аб гэтым заявіў прэсавы сакратар Тэрнэра у Нью-Ёрку Брайан Фо.

Тэрнэр мае намер купіць ня толькі каля 30% акцыяў, якія належаць цяпер Уладзімеру Гусінскаму, але й частку акцыяў Газпрому. Газпром мае цяпер 46% акцыяў. Перамовы ў гэтай справе вядуцца цяпер у Лёндане. Інтарэсы Тэрнэра прадстаўляе вядомая рыэлтэрная фірма Мэрыл Лінч, а інтарэсы Газпрому – Дойчэбанк.

Адначасна свае прэтэнзіі на акцыі “Мэдыя-мосту” заявіў урад Масквы, якому Мэдыя-мост запазычыўся на амаль 200 млн. даляраў. Віцэ-прэм’ер ураду расейскай сталіцы Юры Росьляк выступіў з пагрозай падаць на Мэдыя-мост у суд за тое, што апошні вядзе перамовы з Тэдам Тэрнэрам ды ігнаруе інтарэсы сталіцы Расеі.

Нягледзячы на адпаведны раскол ў калектыве журналістаў НТВ, бальшыня супрацоўнікаў телеканалу, як яны сьцьвярджаюць, “пойдуць за Кісялёвым да канца”. Яны ўпэўненыя, што іншы варыянт дзеяньняў можа толькі прывесьці да страты “іх добрага імя ў грамадзтве”.
XS
SM
MD
LG