Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ТЭРМІН СЬЛЕДЗТВА Ў СПРАВЕ ЧЫГІРА-МАЛОДШАГА ПАДОЎЖЫЛІ ЯШЧЭ НА ДВА МЕСЯЦЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У Камітэце па арганізаванай злачыннасьці пацьвердзілі, што тэрмін расьсьледаваньня справы Аляксандра Чыгіра падоўжаны. Паводле папярэдніх зьвестак — яшчэ на два месяцы.

Нагадаю, дакладна два месяцы таму Чыгіра-малодшага затрымалі, падазраючы ў крадзяжы аўтамабіляў. Менавіта два месяцы адводзіць закон на папярэдняе расьсьледаваньне. Пакуль вынікаў няма. Сьледчыя адмаўляюца назваць хаця б прыблізную дату перадачы справы ў суд.

Міхаіл Чыгір, бацька затрыманага, лічыць, што працягненьне расьсьледаваньня сьведчыць пра цяжкасьці сьледчых.

(Чыгір: ) "Я сустракаўся ўчора са сьледчым, які вядзе справу. Зьбілі Аляксандра Пыльчанку, і сын застаўся без адваката. Таму я перадаў сьледчаму хадайніцтва пра допуск Юліі Чыгір абаронцай. Але сьледчы мне адмовіў.

На працягу двух месяцаў сын удзельнічаў толькі ў адным сьледчым дзеяньні — яго пазнаёмілі са зьвесткамі экспэртызы на нейкі аўтамабіль, я дакладна ня ведаю, на які. Больш аніякіх сьледчых дзеяньняў ніхто зь ім не праводзіў. Мяркую, яны азнаямленьне тое правялі, каб хоць нешта было…

Такім чынам, ніякіх доказаў удзелу майго сына ў крадзяжы аўтамабіляў няма, і сядзіць ён ужо два месяцы за кратамі незаконна. Пабачым, што будзе далей".

(Карэспандэнт: ) "Вы раней казалі, што гэтая справа зьвязаная з палітыкай. Вы й цяпер так мяркуеце?"

(Чыгір: ) "Канечне, я ў гэтым яшчэ больш пераканаўся. Гэта цяпер усе бачаць, у тым ліку й пасьля выпадку з сынам Тамары Віньнікавай Сяргеем. Наколькі мне вядома, яго таксама трымаюць у турме неабгрунтавана, ніякіх доказаў таго, што ён гандляваў наркотыкамі, у сьледчых няма".

Дадам, што разам з сынам Чыгіра Аляксандрам па справе пра сагнаныя аўтамабілі праходзяць яшчэ тры чалавекі. Усіх іх трымаюць у сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага.

Ёсьць зьвесткі, што падчас расьсьледаваньня да затрыманых ужывалі мэтады фізычнага ўзьдзеяньня , але сьледчыя гэта абвяргаюць.

Праверка скаргі Аляксандра Чыгіра, які цьвердзіў, што пасьля затрыманьня яго зьбілі ў міліцэйскім пастарунку, пакуль не завершаная. Гэтак на мінулым тыдні казалі сьледчыя адвакату Аляксандру Пыльчанку. Цяпер, калі Пыльчанка трапіў у шпіталь, звестак пра лёс скаргі Чыгіра-малодшага увогуле няма.
XS
SM
MD
LG