Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВАЛ БАРАДЗІН ТРАПІЎ У ШВЭЙЦАРЫІ Ў ТУРЭМНЫ ШПІТАЛЬ


Юры Дракахруст, Прага

“Барадзін: выклік жэнэўскаму правасудьдзю” – так азагалоўлены артыкул ў швэйцарскай газэце Le Temps. Выданьне зьвяртае ўвагу на цяжкасьці, якія паўстаюць перад жэнэўскаю пракуратураю ў справе абвінавачаньня былога кіраўніка справамі Крамля. Як толькі ён быў пад канвоем дастаўлены зь Нью-Ёорку ў Жэнэву, судзьдзя Даніэль Дэво прад’явіў яму абвінавачаньне ва ўдзеле ў злачыннай арганізацыі і ў адмываньні грошай. Сутнасьць апошняга абвінавачаньня палягае ў тым, што Барадзін, калі быў кіраўніком справамі прэзыдэнта Расеі, атрымаў хабар у памеры каля 25 мільёнаў даляраў ад швэйцарскіх фірмаў Mabetex і Merkata, якім ён дапамог атрымаць падрад на рэстаўрацыю крамлеўскіх пакояў. Гэтыя грошы былі пераведзеныя ў Швэйцарыю, дзе іх і знайшлі швэйцарскія пракуроры. Але зараз ім давядзецца даказаць злачыннае паходжаньне гэтых мільёнаў.

Як адзначае газэта Le Temps, жэнэўскія праваахоўныя ворганы вырашылі прыкласьці высілкі, каб даказаць, што чыноўнік ня можа ўзбагаціцца дзякуючы Божаму провіду. Але доказ гэтага ўскладняецца тым, што Расея, якая зьяўляецца пацярпелым бокам, калі абвінавачаньні будуць даказаныя, катэгарычна адмаўляецца супрацоўнічаць з жэнэўскім правасудзьдзем. Жэнэўскі пракурор Бэрнар Бэртосса ў інтэрвію расейскай газэце “Кoммeрсантъ” назваў пазыцыю Расеі беспрэцэдэнтнаю, сказаўшы, што “былі выпадкі, калі ўлады, прыкладам, афрыканскай краіны проста нічога не рабілі, але ў дадзеным выпадку размова ідзе пра дакладную адмову”.

Расейская пракуратура пэўны час таму спыніла дасьледаваньне справы Барадзіна. Аднак сп-р Бэртосса заяўляе, што мае бясспрэчныя дакумэнтальныя пацьверджаньні таго, што знойдзеныя грошы – хабар, атрыманы Барадзіным, што, паводле швэйцарскага закону, зьяўляецца злачынствам, назалежна ад пазыцыі расейскай пракуратуры.

У інтэрвию “Коммерсанту” пракурор Бэртосса падкрэсьліў, што адмяніць распараджэньне пра арышт Барадзіна зараз ня можа ніхто, абвінаваўчая палата, як ворган надзору, можа толькі вызваліць яго пад заклад, але справа ў любым выпадку дойдзе да суду. Жэнэўскі пракурор нагадаў пасьпяховы прэцэдэнт разгляду справаў такога кшталту – справу былога прэм’ера Щкраіны Паўла Лазарэнкі. Але іншыя крыніцы, у прыватнасьці, газэта Le Temps, прыгадваюць і скандальныя паразы швэйцарскай юстыцыі – апраўданьне Сяргея Міхайлава (Міхася), якога называюць кіраўніком расейскай сонцаўскай злачыннай групоўкі. Міхайлаў ня толькі быў апраўданы, але і атрымаў ад Швэйцарыі паўмільёна даляраў кампэнсацыі.

Дарэчы, да брыгады з трох швэйцарскіх адвакатаў, якія абараняюць Барадзіна, далучыўся Ральф Ісэнэгэр, які стаў вядомым менавіта дзякуючы бліскучай абароне Міхайлава.

Пакуль дзяржаўны сакратар беларуска-расейскага саюзу ўтрымліваецца ў жэнэўскай турме Шам-Далон. Як паведамляецца, умовы ўтрыманьня тут горшыя, чым у ЗША – ён пазбаўлены газэтаў і тэлевізара і мае права толькі на адзін тэлефоны званок на тыдзень.
Сёньня ён ізноў патрапіў у турэмны шпіталь. Калі абвінаваўчая палата задаволіць хадайніцтва пра вызваленьне пад заклад, Барадзін мусіць да суду не пакідаць Швэйцарыю. Вось як ацэньвае значэньне магчымага сёньняшняга рашэньня абвінаваўчай палаты адна з адвакатаў Барадзіна Элеанора Сяргеева.

(Сяргеева: ) “У прынцыпе пытаньне пра меру ўтрыманьня юрыдычна ня ўплывае на рашэньне па сутнасьці справы. Але, я мяркую, тое, зь якімі фармулёўкамі будзе прымаць рашэньне абвінаваўчая палата, часткова будзе казаць пра яе адносіны да гэтай справы”.

А швэйцарская газэта Le Temps адзначае, што “бліжэйшая будучыня пакажа, ці ацэняць судзьдзі настойлівасьць пракуратуры ці, наадварот, палічаць, што ня маюць інструмэнтаў для барацьбы з крымінальнай палітыкай”.
XS
SM
MD
LG