Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УРАД БЕЛАРУСІ ПРАКТЫЧНА ЗАБАРАНІЎ НЕДЗЯРЖАЎНЫЯ КУЛЬТУРНЫЯ І АСЬВЕТНЫЯ АКЦЫІ


Валянціна Аксак, Менск

І да гэткай пастановы цяжка было наладзіць у рэгіёнах нават прэзэнтацыю навінак мастацкае літаратуры ці сустрэчу чытачоў зь беларускімі пісьменьнікамі. Дазвол трэба было штораз атрымліваць ад мясцовых вэртыкальнікаў. Але калі раней арганізатары падобных імпрэзаў часам знаходзілі паразуменьне з чыноўнікамі, то прынятая Саўмінам пастанова цалкам выключае падобныя выпадкі.

Асабліва балюча пастанова ўдарыць па моцных, добра разгалінаваных агульнарэспубліканскіх структурах, уся статутная дзейнасьць якіх накіраваная выключна на асьвету насельніцтва. Вось як ацэньвае наступствы пастановы кіраўнік справаў Таварыства беларускае мовы імя Францішка Скарыны Сяржук Кручкоў:

(Кручкоў: ) "Мы проста будзем пазбаўленыя пэўны час (думаю, што нейкую ліцэнзію мы ўсё ж атрымаем, але пакуль тое) мажлівасьці весьці цікавыя сэмінары. Скажам, сэмінар "Я магу жыць лепей" ці курсы беларускае мовы, якія мы ладзім ва ўсіх рэгіёнах, а таксама надзвычай папулярныя гістарычныя сэмінары, на якія проста адбою няма ад ахвотных.

І калі паглядзець, на колькі такіх сэмінараў і курсаў патрэбныя ліцэнзіі, бо ў нас 62 рэгіянальныя структуры і кожная ладзіць па некалькі імпрэзаў, то атрымліваецца неверагодна вялікая лічба. Да таго ж ліцэнзіі патрабуюцца на тыя віды дзейнасьці, якія не прыносяць аніякага прыбытку.

Больш за тое, ліцэнзіі ж ня будуць бясплатныя, іх трэба будзе купляць. Гэта значыць, нас змушаюць плаціць грошы за бясплатную асьвету, за тое, каб нашы лектары мелі права ў свой вольны час бясплатна чытаць лекцыі і весьці сэмінары".

Да таго ж, лічыць спадар Кручкоў, у вызначаны пастановаю час, гэта значыць да 1 чэрвеня, ня будзе распрацаваны парадак ліцэнзаваньня. Таму нават тыя арганізацыіі, якія знойдуць грошы на набыцьцё дазволаў, ня змогуць набыць іх, прынамсі, да выбараў.

(Кручкоў: ) "Набліжаюцца выбары, нейкія палітычныя падзеі, а нашая справа павінна з-за гэтага цярпець. Мы настолькі абураныя гэтаю пастановаю, што няма словаў… Яна гаворыць пра тое, што нашай дзяржаве не патрэбная асьвета народу, ёй патрэбна, каб пілі гарэлку і наўкола было ціхае балота".

З гэтаю высноваю пагаджаюцца іншыя кіраўнікі грамадзка-асьветных структураў, сьцьвярджаючы, што забаронная пастанова наўпрост зьвязаная з выбарчай кампаніяй.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG