Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА БАІЦЦА ЮГАСЛАЎСКАГА СЦЭНАРУ Ў БЕЛАРУСІ


Валер Каліноўскі, Менск

Пасланьне, якое трансьлявалася па тэлебачаньні, было вытрыманае ў перадвыбарчым папулісцкім стылі: Лукашэнка больш гаварыў пра жыльлё, аўтобусы, бяздушных чыноўнікаў.

Дэпутаты ад яго пачулі, што фракцыі ў парлямэнце непатрэбныя, што нельга спадзявацца на пашырэньне паўнамоцтваў Нацыянальнага сходу і Канстытуцыйнага суду, што ён не дазволіць правесьці зьмены ў Выбарчы кодэкс, што будзе ўзмацняцца ідэалягічная работа.

Больш шчырыя выказваньні Лукашэнка дазволіў сабе, адказваючы на пытаньні. У прыватнасьці, пра дату прэзыдэнцкіх выбараў Аляксандар Лукашэнка заявіў, што яму няважна, калі яны пройдуць — ён гатовы пагадзіцца з рашэньнем "палаты прадстаўнікоў".

Лукашэнка зазначыў, што будзе кантраляваць выдаткі ўсіх кандыдатаў і заклікаў стварыць грамадзкую камісію, якая б кантралявала "хто Лукашэнку даў грошы і колькі ён выдаткаваў на прэзыдэнцкую кампанію". Ён прызнаўся, што баіцца паўтору ў Беларусі югаслаўскага сцэнару прэзыдэнцкіх выбараў:

(Лукашэнка: ) "Тут мэта такая: 14 тысячаў нібыта назіральнікаў ствараюць сваю сыстэму кантролю кампутарную, каб аб’явіць, як у Югаславіі, свае вынікі. Ну, а на Захадзе прызнаюць гэтыя вынікі. Потым гэтыя 14 тысячаў будуць зьвезеныя да рэзыдэнцыі, да парлямэнту, як гэта было ў Югаславіі, разаб’юць вакно, вывесяць бел-чырвона-белы сцяг (ну, можа наш, дзяржаўны, каб не адпужаць насельніцтва). Ды аб’явяць свае выбары.

Дык я кажу, што так ня будзе, мы іх лавіць у вокнах ня будзем, мы іх сустрэнем унутры будынку. Я гэта кажу, таму што я ведаю, якія пляны разгортваюць".

На абвінавачаньні ў разгортваньні прыватызацыі перад выбарамі Лукашэнка адказаў, што яму ня трэба ніякіх грошай на выбары, "калі размова йдзе пра адміністрацыйны рэсурс, то яго дастаткова, каб правесьці выбары", што ён краіну не прадаваў і што "сам ён не прадаецца — дорага каштуе".

Тэма досьведу Югаславіі дамінавала і ў галіне абарончай тэматыкі. Штотыдзень кіраўнік КГБ дае Лукашэнку справаздачу пра заходніх шпіёнаў у Беларусі, і часта гэта грамадзяне былых сацыялістычных краінаў, якія цікавяцца пераўзбраеньнем беларускага войска.

Відаць, каб задаволіць іхны інтарэс, Аляксандар Лукашэнка паведаміў падрабязнасьці: Беларусь купляе ў Расеі сродкі супрацьпаветранай абароны — комплексы яшчэ больш дасканалыя, чым С-300, сродкі раньняга выяўленьня.

Паводле Лукашэнкі, на гэта ідуць не бюджэтныя сродкі, а толькі грошы, атрыманыя за продаж беларускай зброі. Зь іх 5 мільёнаў даляраў выдаткавана на авіяцыю, каб усе самалёты маглі лётаць; у траўні будзе адрамантаваны апошні МіГ-29, — гэтыя самалёты мадыфікуюцца ў новую мадэль МіГ-СНТ, ствараюцца новыя танкі…

Беларускае войска будзе меншае, але па эфэктыўнасьці ўдвая больш моцнае, чым у час СССР — паабяцаў Лукашэнка.

Гаворачы пра замежную палітыку краіны, А.Лукашэнка зазначыў, што МЗС атрымала задачу дабіцца сяброўства Беларусі ў Радзе Бясьпекі ААН у якасьці несталага сябра.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG