Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВЭРТЫКАЛЬ ІМКНЕЦЦА ПРЫПЫНІЦЬ УЦЁКІ ЛЮДЗЕЙ З КАЛГАСАЎ ПЕРАД СЯЎБОЙ


Ганна Соусь, Менск

Людзі ня хочуць працаваць у калгасе з прычыны мізэрных заробкаў, якія да таго ж нерэгулярна выплачваюць. А чыноўнікі імкнуцца прымусова прывязаць вяскоўцаў да калгасаў, бо іншых сродкаў рэанімацыі калгаснага ладу ў рэгіёнах фактычна не засталося.

Распавядае палітоляг Яўген Лугін, які раней узначальваў Беларускую сялянскую партыю:

(Лугін: ) "Былі такія сыгналы з Полаччыны ды іншых раёнаў. Проста райвыканкам прымаў пастанову, якая забараняла прадпрыемствам раёнаў браць на працу калгасьнікаў, асабліва мэханізатараў. Гэта распаўсюджвалася на свой раён, і такіх фактаў было шмат.

Такая практыка цягнецца ўжо гады два, асабліва калі калгас у раённым цэнтры ці каля нейкага невялікага гораду, дзе можна ўладкавацца… Мэханізатарам не плацілі заробкаў, дык яны кідалі тую працу і пераходзілі на іншую. І таму бралі такія захады — "Сельгасхіміі", "Сельгастэхніцы", нейкай мэблевай фабрыцы — вось гэтым ды іншым структурам забаранялі браць калгасных мэханізатараў на працу.

Ведаю, што такая забарона была ў Глускім раёне, але яны позна спахапіліся, бо там найлепшыя мэханізатары фактычна ўжо ўладкаваліся на працу, і ў калгасах засталіся толькі мэханізатары-п’яніцы".

Нядаўна ў некаторых раёнах такія распараджэньні адмянілі як незаконныя, але ж, паводле спадара Лугіна, тая адмена не скасоўвае вусных распараджэньняў вэртыкальнікаў.

(Лугін: ) "Прымалася пастанова райвыканкамаў многіх раёнаў, але яны маглі й без пастановы на нейкай нарадзе ў раёне сказаць кіраўнікам прадпрыемстваў: не прымаць мэханізатараў на працу ні ў якім разе, інакш мы пасяўную завалім".

А вось як тлумачыць гэтую сытуацыю старшыня Пухавіцкага выканкаму Генадзь Шахлевіч. Менавіта ў ягоным раёне выдалі такую пастанову, але нядаўна яе адмянілі як незаконную.

(Шахлевіч: ) "Чалавека звальняюць за няслушныя паводзіны, за п’янства, праз два дні ён уладкоўваецца на іншае прадпрыемства, а праз тыдзень яго зноў звальняюць — вось такі кавардак, і няма каардынацыйнага органу.

І таму, каб навесьці парадак, дзеля дысцыпліны выдалі такое распараджэньне, але потым вырашылі, што гэта юрыдычна незаконна. З маральнага пункту гледжаньня ўсё правільна, але з заканадаўчага — пакуль прабачце. У нас чалавек мае толькі права на працу, гэта не абавязак".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG