Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ ЛІТАРАТУРА ТАМ, ДЗЕ БЫКАЎ


Аляксандар Лукашук, Прага

Апошні твор Васіля Быкава, які ён даслаў на “Свабоду”, называецца “Труп”.

“Забойца быў звычайны, затурканы жыцьцём чалавек. Тое ж самае можна сказаць і пра забітага. Зрэшты, і адносіны між імі двума зьнешне былі амаль нармальныя, калі не лічыць даўняй, зацятай, чорнай нянавісьці. Нянавісьці забойцы да ягонай ахвяры. Што стала прычынай таго пачуцьця, цяжка сказаць. Пэўна на тое не адказаў бы і сам забойца”.

Прычына нянавісьці цяперашняй улады да Быкава надзвычай празрыстая – гэта нянавісьць бяздарнасьці да таленту, злодзея да таго, хто не крадзе, зла да дабра. Заява беларускіх пісьменьнікаў у абарону Васіля Быкава самому Быкаву не патрэбная – ён ведае цану беларускай уладзе. Ці патрэбная яна тым, хто яе падпісаў, – можна меркаваць, што ні Васіль Быкаў, ні чытачы, ні ўлады не сумняваліся ніколі ў пазыцыі менавіта гэтых 18 чалавек, многія зь якіх даўнія сябры, паплечнікі пісьменьніка. Інакш кажучы, гэтыя людзі маглі і не падпісваць. Больш цікавыя тыя амаль паўтысячы сяброў Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, што адмовіліся падпісаць.

Нядаўна ў адной менскай незалежнай газэце быў прадстаўлены такі літаратар – дырэктар выдавецтва, які праславіўся тым, што адмовіўся друкаваць кнігу Быкава “Сьцяна”. З газэты чытач мог даведацца, што гэты сябра Саюзу пісьменьнікаў адкрыў у беларускай літаратуры жанр афарызмаў, і ягоная кандыдытура вылучаная на Нобэлеўскую прэмію. У прынцыпе, члены Саюзу – гэта звычайныя савецкія людзі, хочуць жыць і карміцца далей у меру свайго апэтыту і велічыні страўнікаў. Прад’яўляць ім нейкія маральныя патрабаваньні –ўсё роўна што патрабаваць, каб усе яны пісалі шэдэўры. Сябры беларускага саюзу пісьменьнікаў падобныя сёньня да зэкаў у сталінскім лягеры, якіх на зоне пасе шайка крымінальнікаў – пайка перападае толькі тым, хто можа “ціскаць раманы” – насалоджваць слых блатных аўтарытэтаў сваімі показкамі. Астатнія вылізваюць місы.

Некаторыя зь іх маюць уласнае апраўданьне – некаму ж трэба клапаціцца пра беларускую літаратуру, рабіць чарнавую працу . Дарэмныя намаганьні. Нобэлеўскі ляўрэат Томас Ман, які мусіў пакінуць радзіму падчас улады Гітлера, на пытаньне, ці можа разьвівацца нямецкая літаратура за межамі Нямеччыны, некалі адказаў: “Нямецкая літаратура там, дзе я”. Беларуская літаратура сёньня там, дзе Быкаў.

Новы твор Васіля Быкава “Труп” слухайце ў нашай праграме ў нядзелю, 15 сакавіка.
XS
SM
MD
LG