Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШЫДЛОЎСКІ І ДРАНЧУК ПАДАЛІ СКАРГІ Ў СПРАВЕ ІХ ЗЬБІЦЬЦЯ МІЛІЦЫЯНТАМІ


Любоў Лунёва, Менск

Усе чацьвёра затрыманых за графіці — Цімафей Дранчук, Зьміцер Драпачка, Алесь Апраніч і Аляксей Шыдлоўскі — пасьля вызваленьня павінны самі зьяўляцца да сьледчага.

Аляксей Шыдлоўскі й Цімафей Дранчук намагаюцца прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці міліцыянта, які зьбіваў іх у Цэнтральным РАУС. Сёньня яны падалі скаргу ў пракуратуру. Гаворыць Аляксей Шыдлоўскі:

(Шыдлоўскі: ) "Калі нас затрымалі ўвечары, абыходзіліся з намі даволі жорстка, але да гэтага мы ўжо прызвычаіліся. Гэтым разам адрозьненьне – нас крыху пафарбавалі нашай чорнай фарбай. Нам пафарбавалі рукі й курткі. Пасьля яшчэ тыкалі ў шыю аўтаматам і моцна зацягнулі кайданкі ззаду.

Назаўтра а 9-й гадзіне раніцы пасьля таго, як нас наведаў намесьнік РАУС Барсукоў, у камэру зайшоў, як нам падалося, мясцовы ўчастковы і спытаў: "Хто фарбаваў?" Я адказаў, што гэта я, і адразу атрымаў удар. Ён пачаў мяне зьбіваць. Цімафей Дранчук падскочыў мяне бараніць, і яму таксама дасталося", — паведаміў Радыё Свабода сябар моладзевай арганізацыі “Зубар” Аляксей Шыдлоўскі.

Увечары, калі па хлопцаў прыйшоў канвой, яны адмовіліся ехаць у ізалятар часовага ўтрыманьня, пакуль ня выклічуць лекара. Міліцыянты былі вымушаныя выклікаць "хуткую дапамогу", каб лекар зафіксаваў пабоі.

Цімафей Дранчук, студэнт 2 курса факультэта журналістыкі Белдзяржунівэрсытэту, дадаў:

(Дранчук: ) "У камэру зайшоў нейкі дзяжурны й казаў: "А, ну што — седзіцё? Вася! А ну, хадзі, паглядзі на гэтых зубранят!" Зайшоў здаровы міліцыянт і спытаўся: "Хто фарбаваў?" Калі ён зьбіваў Шыдлоўскага, я паспрабаваў яго адштурхнуць. Тады ён пачаў біць мяне па рэбрах, нырках і па галаве. Сёньня я зьбіраюся зьвярнуцца ў шпіталь, каб зрабілі рэнтгенаўскі здымак, таму што баляць рэбры".

Нагадаем, што раней спробы прыцягнуць да адказнасьці супрацоўнікаў міліцыі за зьбіцьцё затрыманых апазыцыянэраў не давалі станоўчых вынікаў. Першыя скаргі ў пракуратуру паступілі ад зьбітых дэпутатаў Вярхоўнага Савету шэсьць гадоў таму. Потым быў шэраг скаргаў ад затрыманых удзельнікаў апазыцыйных акцыяў. З разглядам апошніх скаргаў — Аляксандра Шчурка і Юрася Беленькага — праваахоўчыя органы марудзяць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG