Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСЛЫ ПЯЦІ КРАІНАЎ ЭЎРАЗЬВЯЗУ НАВЕДАЛІ ЗАРАЖАНЫЯ РАДЫЯЦЫЯЙ АБШАРЫ ГОМЕЛЬШЧЫНЫ


Казімер Яноўскі, Гомельская вобласьць

Візыт пяці паслоў краінаў Эўразьвязу напярэдадні 15-х угодкаў Чарнобыльскай катастрофы зьяўляецца знакавай падзеяй. Пра мэты візыту ад імя сваіх калегаў распавёў амбасадар Францыі ў Беларусі Бернар Фасье.

(Фасье: ) “Мы тут разам, каб падкрэсьліць зацікаўленьне ўсіх краінаў, усіх структураў Эўразьвязу да доўгатэрміновых праблемаў, якія прынесла сюды Чарнобыльская катастрофа”.

Кіраўнік дыпляматычнай місіі Грэцыі Панаёціс Гумас дапоўніў калегу:

(Гумас: ) “Нам важна падкрэсьліць нашую цікавасьць да Чарнобылю, атрымаць поўныя зьвесткі аб цяжкасьцях, зь якімі сутыкнуліся жыхары Гомелю і наагул усіх заражаных зонаў”.

Гэтыя зьвесткі, паводле расповяду дыпляматаў, будуць улічвацца падчас разгляду ў камісіях Эўразьвязу праграмаў аказаньня эканамічнай дапамогі пацярпелым ад Чарнобылю беларускіх раёнам. Дарэчы, якраз на эканамічную падтрымку пацярпелых раёнаў разьлічвае і Камчарнобылю Беларусі, пра што казаў журналістам ягоны старшыня Ўладзімер Цалка. Але ці спрыяе апошні дэкрэт Лукашэнкі №8, які рэглямэнтуе ўсялякую дапамогу Беларусі звонку, разьвіцьцю стасункаў з заходнімі краінамі?

Вось што сказаў на гэты конт вашаму карэспандэнту Бярнар Фасье:

(Фасье: ) “Пакуль нам афіцыйна абвесьцілі, што гэты дэкрэт ня мае на мэце ўскладніць сытуацыю з разьмяшчэньнем гуманітарнай дапамогі. Некаторыя ранейшыя праграмы былі скаардынаваныя зь беларускімі ўладамі. Мы зараз вывучаем усе магчымыя наступствы гэтага дэкрэту і пакуль рана камэнтаваць гэтае пытаньне”.

У сваю чаргу кіраўнік офісу ТАСІС ў Беларусі Раўль дэ Лезенбэргер заўважыў у гутарцы са мной, што дэкрэт надзвычай ускладніў ажыцьцяўленьне ў Беларусі невялікіх праектаў гуманітарнай дапамогі.
XS
SM
MD
LG