Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЗЬБІТЫ ВЯДОМЫ АДВАКАТ ПЫЛЬЧАНКА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Сёньня адвакат Аляксандар Пыльчанка, якога мінулай пятніцай зьбілі невядомыя асобы, паклаўся ў шпіталь на апэрацыю. Яму зробяць апэрацыю на носе, зламаным ударам "тупым цяжкім прадметам" — гэтак у заключэньні дактароў. Невядомыя падпільнавалі адваката ля пад’езда дому на вуліцы Янкі Маўра, дзе жыве ягоны сябар.

(Пыльчанка: ) "Я набіраў код дзьвярэй, калі на мяне напалі ззаду, ударылі па галаве гэтак, што ледзь ня страціў прытомнасьць. Выратавала тое, што за хвіліну да гэтага па мабільніку я патэлефанаваў сябру, і ён выйшаў мяне сустракаць. Мяне зьбівалі ўжо непрытомнага, і ўсё па галаве".

У Пыльчанкі моцна зьбіты твар, паламаны нос, пашкоджаная рука. Зьнік мабільны тэлефон. Грошы злодзеяў альбо не зацікавілі, альбо яны не пасьпелі абшукаць сваю ахвяру, паколькі з пад’езду выйшаў сябар спадара Пыльчанкі.

Міліцыя Фрунзенскага раёну завяла крымінальную справу і нават ужо затрымала двух маладых асобаў, якія ў нядзелю спрабавалі прадаць картку з мабільнага тэлефону Аляксандра Пыльчанкі.

Затрыманыя сьцьвярджаюць, што знайшлі яе разам з тэлефонам у адным з паркаў гораду. Адвакат Пыльчанка ня ў стане абвергнуць гэтых сьведчаньняў, бо, кажа, ня бачыў твараў злачынцаў.

Пацярпелы ня мае пэўнай вэрсіі здарэньня. Ён кажа, што на яго магла напасьці групоўка бандытаў, што палююць за людзьмі з мабільнымі тэлефонамі, каб потым зарабіць грошы на продажы крадзенага. Адвакат не выключае , што напад зьвязаны зь ягонай прафэсійнай дзейнасьцю, аднак спадзяецца, што "гэта ня так".

Некаторыя назіральнікі лічаць, што менавіта прафэсійная дзейнасьць адваката й стала прычынай нападу на яго. Гэтак мяркуе калега Пыльчанкі, вядомы адвакат Гары Паганяйла.

(Паганяйла:) "Прычынай нападу на Пыльчанку магло стаць тое, што ён адвакат у такіх гучных справах як справы сына Чыгіра альбо сына Віньнікавай. Яго маглі паспрабаваць запалохаць — каб ён адмовіўся ад працы. Да такіх апэрацыяў у нас часта далучаюць сапраўдных бандытаў.

Магчыма, так было з акторам Мазынскім, з рэжысэрам Хашчавацкім, іншымі. І зусім ня дзіўна, што потым гэтыя злачынствы застаюцца нераскрытыя пры ўсёй іхнай прастаце", — мяркуе Гары Паганяйла.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG