Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КІРАЎНІК ФОНДУ "ПАРАЗУМЕНЬНЕ І ПРЫМІРЭНЬНЕ" ЛІЧЫЦЬ, ШТО ДЭКРЭТ №8 АБМЯЖОЎВАЕ ГУМАНІТАРНУЮ ДАПАМОГУ


Валер Каліноўскі, Менск

Калі распачнуцца выплаты, кіраўнік фонду "Паразуменьне і прымірэньне" Валянцін Герасімаў ня ведае.

У Беларусі больш за 170 тысячаў грамадзянаў, якія могуць разьлічваць на грашовую кампэнсацыю за рабскую працу ў Нямеччыне. Праўда, многім зь іх трэба дакумэнтальна даказаць гэты факт. Выплаты пакуль што не пачаліся, усе грошы ў Нямеччыне. Многія былыя вязьні зьвяртаюцца з адзіным пытаньнем: "Калі?"

Валянцін Герасімаў адказвае:

(Герасімаў: ) "Мне ўжо сорамна глядзець гэтым людзям у вочы, таму што гэта не ад мяне залежыць. На сёньня фонд не атрымаў ні капейкі".

Прычына затрымкі, паводле словаў спадара Герасімава, — неўрэгуляванасьць справаў па 43 пазовах да прамысловых прадпрыемстваў Нямеччыны, якія разглядаюцца ў ЗША.

Нямецкі ўрад распачне рэалізацыю новай праграмы кампэнсацыі пасьля ўрэгуляваньня гэтых пазоваў, і ўсе, хто будзе атрымліваць гэтыя грошы, павінны будуць напісаць расьпіску, што больш ня маюць прэтэнзіяў да ўраду і прадпрыемстваў Нямеччыны за падзеі вайны.

У Беларусі нямецкія грошы будуць ісьці праз 138 філіялаў "Беларусбанку". Паводле словаў Валянціна Герасімава, гэта абсалютна надзейны банк. Да таго ж, нямецкі ўрад распрацаваў вельмі жорсткую працэдуру выплаты кампэнсацыяў грамадзянам на працягу 5 банкаўскіх дзён.

Сам беларускі фонд "Паразуменене і прымірэньне" цяпер правяраецца міжнародным франка-нямецкім аўдытам.

Камэнтуючы дачыненьні зь нямецкімі партнэрамі, В.Герасімаў зазначыў:

(Герасімаў: ) "Натуральна, паразуменьне ёсьць, а вось з прымірэньнем — крыху цяжкавата".

Каб дасягнуць прымірэньня на справе, немцы хацелі б упарадкававаць у Беларусі салдацкія могілкі часу Другой усясьсветнай вайны. У адрозьненьне ад Украіны й Расеі, беларускі ўрад не дазваляе аднаўляць іх. А нямецкія дабрачынныя арганізацыі паказвалі беларускім вэтэранам стан савецкіх вайсковых пахаваньняў у Нямеччыне ды аказваюць гуманітарную дапамогу. Праўда, з дапамогай складана. Гаворыць Валянцін Герасімаў:

(Герасімаў: ) "З гуманітарнай дапамогай зараз цяжка стала, вы ведаеце, уступае ў сілу дэкрэт №8 прэзыдэнта, але мы стараемся да гэтага ня мець дачыненьня, а займаюцца гэтым грамадзкія арганізацыі".

Многія ў Беларусі ня ведаюць пра нямецкі закон аб кампэнсацыях. Супрацоўнікі фонду штомесяц знаходзяць да 400 былых вязьняў і гастарбайтэраў, якія маюць права на грашовую кампэнсацыю.
XS
SM
MD
LG