Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ ПІСЬМЕНЬНІКІ ВЫСТУПІЛІ ЗЬ ЛІСТОМ У АБАРОНУ ВАСІЛЯ БЫКАВА


Валянціна Аксак, Менск

"Такога шалёнага і беспадстаўнага гвалту, паклёпу на Беларусі не было з 1930-х гадоў, калі зьнішчаліся сотні беларускіх пісьменьнікаў, навукоўцаў, палітыкаў.

Сёньня, нібы пераняўшы злачынныя і звыродныя сталінска-берыеўскія мэтады, беларускае тэлебачаньне, выконваючы волю сваіх гаспадароў, дагаварылася да таго, што змагар з фашызмам, вэтэран-франтавік, чалавек, які ўсё сваё жыцьцё намагаўся паказваць у сваіх творах праўду, хоць і горкую, Васіль Быкаў — "литературный полицай" і "Василий, не помнящий родства"…

Мы, сябры Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, патрабуем ад уладаў Рэспублікі Беларусь спыніць ганебнае шальмаваньне ў дзяржаўных сродках масавае інфармацыі ўсясьветнавядомага пісьменьніка, вэтэрана Вялікай Айчыннай вайны Васіля Ўладзімеравіча Быкава", — гаворыцца ў заяве.

Яе падпісалі народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін, ляўрэаты дзяржаўных прэміяў Генадзь Бураўкін, Генрых Далідовіч, Анатоль Кудравец, Алег Лойка, Васіль Сёмуха, выканаўца абавязкаў старшыні Саюзу пісьменьнікаў Вольга Іпатава, віцэ-прэзыдэнт ПЭН-цэнтру Карлас Шэрман ды іншыя вядомыя літаратары.

Сярод іх паэт Анатоль Вярцінскі. Ці верыць ён, што голас падпісантаў пачуюць адрасаты?

(Вярцінскі: ) "Не. Надзеі такой у мяне няма. Тыя, хто бэсьціць сёньня Быкава і ўсё беларускае, не прыслухоўваюцца да падобных заяваў. І не прыслухаюцца, пакуль ня зьменіцца ўлада. Таму я ня бачу сэнсу заявы. Але я яе падпісаў, таму што мушу выказаць свой голас на баку праўды і справядлівасьці. Гэта мой сьвядомы выбар і выбар усіх тых, хто паставіў свой подпіс пад заяваю".

Як нам стала вядома, заява рыхтавалася да друку больш за два тыдні. Пачаўшы збор подпісаў адразу пасьля выхаду па БТ 17 сакавіка паклёпніцкае праграмы "Тайные пружины политики", ініцыятар заявы малады паэт і літаратуразнаўца Алесь Пашкевіч сутыкнуўся зь нежаданьнем падпісацца пад ёю многіх пісьменьнікаў. Найперш тых, хто мае дзяржаўную пасаду ці разьлічвае нешта атрымаць ад уладаў на пісьменьніцкім зьезьдзе.

Цікавы факт. У 1960-я гады таксама напярэдадні чарговага пісьменьніцкага зьезду група беларускіх літаратараў абараняла імя Васіля Быкава ад шальмаваньня ў друку. Пра гэта нам сёньня нагадаў Анатоль Вярцінскі. І ў сувязі з такімі сумнымі паўторамі гісторыі ён зазначыў:

(Вярцінскі: ) "Праходзіць вось столькі гадоў, і мы зноў на нейкім крузе чарговым, і зноў мусім выступаць з падобнымі заявамі. Нешта, сапраўды, ня так на нашай ніве тут. Ці то, кажучы па-Багдановічаўску, кроўю зямля дае плады, ці то зубы дракона тут пахаваныя…"

Аднак тэкст заявы сканчаецца аптымістычна: "Мы перакананыя, што ўсё мінецца, а праўда застанецца, і аддадзена будзе кожнаму паводле ўчынкаў яго".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG