Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАСТАЎНІКІ МЕНШЧЫНЫ НЕ ПАДТРЫМАЛІ ЗБОР ГРОШАЙ НА СУБОТНІК


Алесь Мікалайчанка, Менская вобласьць

7 красавіка блізу паловы пэдкалектыву сярэдняй школы мястэчка Грэск, што на Случчыне, адмовілася пераводзіць свой заробак за дзень у фонд сельгассуботніка. Суботнік ініцыяваў Менаблвыканкам дзеля фінансавай падтрымкі веснавой сяўбы ў калгасах ды саўгасах Менскай вобласьці.

Як паведаміў Радыё Свабода пэдагог Грэскай школы Алесь Новік, 7 красавіка нават тыя ягоныя калегі, што вырашылі падтрымаць фонд сельгассуботніка, пераводзілі туды грошы, нашмат меншыя за аднадзённы заробак.

Паводле інфармацыі Зінаіды Цімошак, настаўніцы зь мястэчка Вежы Слуцкага раёну, калектыў ейнай школы 7 красавіка веснавую сяўбу сваімі грашыма таксама падтрымліваць не захацеў.

Трэба адзначыць, што барацьба асобных пэдагагічных калектываў супраць сельгаспабораў пад выглядам фондаў суботнікаў 7 красавіка і 5 траўня пачалася яшчэ пры канцы сакавіка.

Работнікі некалькіх школаў Мядзельскага раёну, Сьмілавіцкага сельскагаспадарчага прафэсійнага ліцэю, што на Ігуменшчыне, літаральна закідалі сваімі скаргамі абласную ўправу адукацыі, рэдакцыі газэтаў ды інфармацыйных агенцтваў.

Асабліва абураліся выкладчыкі Сьмілавіцкага ліцэю, бо дырэктар Анціпенка распарадзіўся, каб усе пэдагогі пералічылі 7 красавіка ў сельскагаспадарчы фонд па мінімальным заробку, гэта цяпер 5 700 рублёў. Інакш дырэктар пагражаў падначаленым, што пазбавіць іх прэміяў.

На гэтыя скаргі ўрэшце адгукнулася кіраўніцтва ўправы адукацыі Менаблвыканкаму. Напярэдадні 7 красавіка яно разаслала ў свае рэгіянальныя структуры тэлефонаграмы, якімі забаранілі вылічваць з настаўніцкіх заробкаў грошы на карысьць фонду. Маўляў, хай лепш пэдагогі ў вольны ад асноўнай працы час адробяць у саўгасах да калгасах.
XS
SM
MD
LG