Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЭНС І МЭТАЗГОДНАСЬЦЬ ЦЭЛІБАТУ


Кастусь Бандарук, Прага

У адным з папярэдніх выпускаў перадачы я зьвярнуў увагу на артыкул ў ангельскім тыднёвіку Ekonomist пра асноўныя праблемы сучаснай Царквы. Сярод іх названыя: кансэрватыўнае стаўленьне да праблемы кантролю нараджальнасьці і цэлібату. Зараз у сьвеце 410 тысячаў каталіцкіх сьвятароў. Іх колькасьць нязначна павялічваецца, але за кошт краінаў “трэцяга сьвету”. Затое ў Эўропе і Амэрыцы вялікая колькасьць духавенства адмаўляецца ад сьвятарства. У некаторых парфіях сьвятар зьяўляецца ўсяго два разы ў год. Напрыклад, на працягу 15 гадоў у архідыяцэзіі Мілуокі палова парафіяў застанецца без сьвятароў. Прычынаў гэтага некалькі, але найперш гэта нязгода духавенства зь некаторымі царкоўнымі нормамі, у прыватнасьці з абавязковым цэлібатам:

Наша даведка:

“Цэлібат – па-лацінску “нежанаты, самотны” – практыкуецца ў шэрагу рэлігіяў у якасьці спосабу дасягненьня рэлігійных ідэалаў. У індуізме цэлібату прытрымліваюцца пераважна пустэльнікі, ёгі альбо вандроўныя манахі-санясыны. У будызме, джынізме і тааізме цэлібат тычыцца толькі манахаў. У юдаізме цэлібат быў непажаданы. Лічылася, што ён супярэчыць Божаму ўстанаўленьню, хаця ў Бібліі згаданыя ў якасьці выключэньняў прарокі Ерамія ды Ільля. Новы Запавет не навязваў цэлібату, хаця нежанатыя былі сам Ісус Хрыстос, Ян Храсьціцель і Апостал Павал. Зь першых вякоў хрысьціянства, нежанатыя былі толькі манахі. Упершыню цэлібат рэкамэндаваў сьвятарам Сабор ў Эльвіры ў 306 годзе. Яго неабходнасьць падкрэсьлівалі Рымскія Папы ў 5-6 стагодзьдзях, аднак толькі пастановай ад 1074 году Папа Рыгор VII цалкам забараніў духавенству полавыя зносіны. Законам для ўсяго каталіцкага духавенства цэлібат стаўся толькі пасьля Лятэранскага Сабору ў 1139 году. Што тычыцца Праваслаўнай Царквы, дык з 4 стагодзьдзя да сёньняшняга дня ў ёй практыкуецца толькі цэлібат епіскапаў, а пратэстанцкія цэрквы цалкам адмовіліся ад яго”.

Нагадаю, што евангельскай падставай цэлібату зьяўляецца прыклад самога Ісуса Хрыста ды іншых сьвятых, а таксама словы сьвятога Пісаньня: “Нежанаты клапоціцца пра Гасподняе, як дагадзіць Госпаду, а жанаты клапоціцца пра сьвецкае, як дагадзіць жонцы” ( 1 Кар.(Б 32-33). Каталіцкая Царква лічыць, што поўнасьцю прысьвяціць сябе служэньню Богу і людзям можа толькі нежанаты сьвятар. З другога боку, у апостальскія часы не было прымусовага цэлібату. Узорная сям’я і добрае выхаваньне дзяцей было неабходнай умовай сьвятарскага сану: “…епіскапу трэба мужам аднае жонкі… каб добра сваім домам кіраваў, дзяцей ў паслухмянасьці трымаў з усялякай пашанай” ( Цім 3,1-4). Нельга таксама сказаць, што жанатыя праваслаўныя альбо пратэстанцкія сьвятары служаць менш або горш. У кожным разе, цэлібат – гэта ня догма, але царкоўнае правіла, якое можна зьмяніць. Дарэчы, і зараз Ватыкан дазваляе жаніцца грэка-каталіцкім сьвятарам. Мабыць таму многія каталіцкія сьвятары прыватна выказваюць думку, што пытаньне цэлібату трэба было б перагледзець. Можа сапраўды варта?

Думка прафэсара Марэка Хмялеўскага.

(Хмялеўскі) “Я думаю, што ў гэтым пытаньні ўжо гучыць сумнеў адносна мэтазгоднасьці цэлібату – ці ён патрэбны, добры і ці нечаму служыць? Добрасумленныя людзі ставяць гэткія пытаньні ў пошуку сэнсу цэлібату, затое часьцей іх уздымаюць асяродзьдзі нядобразычлівыя каталіцкай Царкве, спрабуючы гэткім чынам знутры разбураць ейную дысцыпліну”.

(Бандарук: ) “Не падлягае сумневу, што цэлібат быў уведзены з практычных меркаваньняў. Гісторыкі прызнаюць, што гэткім чынам Царква хацела пазьбегнуць праблемаў з перадачай маёмасьці ў спадчыну дзецям сьвятароў і біскупаў. Апрача таго, кошт утрыманьня шматдзетнай сям’і значна вышэйшы, чым адзінокага сьвятар. Герархія хацела мець паслухмяных, дысцыплінаваных сьвятароў, не абцяжараных сем’ямі, каб свабодна распараджацца імі. Аднак, гэта не тэалягічны, але практычны аргумэнт…”

(Хмялеўскі: ) “На цэлібат нельга глядзець толькі з функцыянальнага пункту гледжаньня. Царква бачыць у цэлібаце асаблівае вымярэньне, асаблівую прастору сьвятарскага служэньня і надае гэтаму тэалягічны сэнс. На пытаньне вучняў пра жаніцьбу Хрыстос кажа: “Ёсьць тыя, хто няздатны да жанімства, бо такімі нарадзіліся, іншых людзі зрабілі няздатнымі жаніцца, а ёсьць і такія, хто абралі цэлібат дзеля Царства Нябеснага”. Калі цэлібат будзем успрымаць толькі ў сацыялягічным альбо культуралягічным аспэкце, то сапраўды яго будзе цяжка зразумець і вытлумачыць. Мы павінны глядзець на цэлібат як на харызму ў Царкве, як на спосаб ажыцьцяўленьня свайго пакліканьня, як на духоўную каштоўнасьць, як прароцкі знак таго супраціву і ўнутранага канфлікту. Цэлібат – гэта выклік, трывога тых, хто перажывае дакор сумленьня ў пытаньні духоўнай чысьціні альбо сужэнскай вернасьці”.


(Цалкам тэкст перадачы зьмешчаны ў адпаведным разьдзеле сайту)
XS
SM
MD
LG