Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МІЖНАРОДНАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ ПРАЦЫ ПРЫЗНАЛА СКАРГУ БЕЛАРУСКІХ ПРАФСАЮЗАЎ АБГРУНТАВАНАЮ


Міхал Стэльмак, Менск

Ініцыятарам прафсаюзнага сходу была Міжнародная арганізацыя працы. Для ўдзелу ў ім МАП запрасіла каля 700 прадстаўнікоў Фэдэрацыі прафсаюзаў і Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Урсула Энгелен-Кефэр, якая ўзначальвае дэлегацыю, паведаміла сходу, што МАП на мінулым тыдні ў Жэнэве прызнала скаргу беларускіх прафсаюзаў абгрунтаванай:

(Энгелен-Кефэр: ) "На жаль, мне сёньня даводзіцца адзначаць, што Міжнародная арганізацыя працы зафіксавала сур’ёзныя праблемы прафсаюзаў у Беларусі.

Ёсьць выпадкі ўмяшаньня ўладаў у правы прафсаюзаў і парушэньні гэтых правоў. Гэтыя факты выклікаюць занепакоенасьць і ў прафсаюзаў іншых дзяржаваў — у прыватнасьці, прафсаюзу Нямеччыны. Таксама гэта насьцярожвае замежныя ўрады і прадстаўнікоў бізнэсу.

Я спадзяюся, што ўрад Беларусі забясьпечыць умовы, якія б засьцераглі ад умяшаньня ў дзейнасьць і ўнутраныя справы прафсаюзаў у вашай краіне, каб беларускія прафсаюзы атрымалі сапраўдную незалежнасьць і самастойнасьць", — зазначыла спадарыня Энгелен-Кефэр.

Між тым, прадстаўнікі беларускага ўраду праігнаравалі сёньняшні прафсаюзны сход. Пра крывадушнасьць уладаў гаварыў на сходзе Генэральны сакратар Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў Біл Джордан:

(Джордан: ) "Я прыяжджаў сюды ў ліпені летась, сустракаўся з прадстаўнікамі ўраду і прэзыдэнта. Я спадзяваўся, што па тых сустрэчах будуць пазытыўныя зьмены. Наадварот, цяпер ёсьць новыя парушэньні.

Нядаўна ў Жэнэве прадстаўнікі беларускага ўраду даводзілі, што прыслухаюцца да рэкамэндацыяў Міжнароднай арганізацыі працы. На жаль, словы, сказаныя ў Жэнэве, не адпавядаюць беларускай рэальнасьці. Ствараюцца “жоўтыя” прафсаюзы. А дэкрэт №8 — замах на фундамэнтальныя правы працоўных, найперш на права на салідарнасьць".

Салідарнасьць зь беларускімі прафсаюзамі выказалі на сходзе прафсаюзныя лідэры Швэцыі й Расеі. Заўтра дэлегацыя Міжнароднай арганізацыі працы зьбіраецца паведаміць пра сваю пазыцыю кіраўніку адміністрацыі прэзыдэнта Міхаілу Мясьніковічу.
XS
SM
MD
LG