Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛЕНЬКІ, БЯЛЯЦКІ І ВЯЧОРКА АСПРЭЧЫЛІ СВАЕ ПРЫСУДЫ Ў ГАРАДЗКІМ СУДЗЕ І ПРАКУРАТУРЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Юрась Беленькі, Вінцук Вячорка і Алесь Бяляцкі, якіх трымаюць у ізалятары на вуліцы Акрэсьціна, з пакараньнем не пагадзіліся й абскардзілі рашэньне судзьдзі Цэнтральнага раёну ў Менскім гарадзкім судзе.

Яны спасылаюцца на шматлікія парушэньні ў дзеяньнях міліцыі й падчас судовага разгляду. Паводле адваката Веры Страмкоўскай, у справе Юрася Беленькага дайшло да грубай фальсыфікацыі, якую дапусьціў намесьнік начальніка Цэнтральнага РАУС Менску Аляксандар Барсукоў.

(Страмкоўская: ) "Ён прадаставіў суду фальсыфікаваныя, на наш погляд, дакумэнты. Гэта пратаколы міліцыянтаў Цэнтральнага райаддзелу пра тое, нібыта Беленькі ўдзельнічаў у шэсьці 25 сакавіка ад Юбілейнай плошчы да праспэкту Машэрава".

Пры гэтым, заўважае Страмкоўская, пасьля затрыманьня Юрасю Беленькаму давалі на подпіс зусім іншы пратакол, у якім згадваўся праспэкт Скарыны. Алесь Бяляцкі й Вінцук Вячорка ў сваіх скаргах зьвяртаюць увагу на тое, што суд не ўлічыў дзён, якія яны правялі ў пастарунках да працэсаў.

Не абмежаваўшыся апэляцыяй да гарадзкіх судзьдзяў, апазыцыянэры скардзяцца таксама ў пракуратуру. Яны патрабуюць прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці намесьніка начальніка Цэнтральнага райаддзелу міліцыі Барсукова.

Сьпіс ранейшых прэтэнзіяў да Барсукова дапаўняе абвінавачаньне ў паклёпе й публічных абразах, у тым ліку на адрас адвакаткі Веры Страмкоўскай, а таксама ў ціску на судзьдзю Вайцяховіч, якая разглядала справы Вячоркі, Бяляцкага й Беленькага. Гэта таксама спрычынілася да вынясеньня незаконных пастановаў суду, лічаць апазыцыянэры.

Паводле закону разьбіральніцтва па скаргах павінна адбыцца цягам месяца. Адвакатка Вера Страмкоўская мяркуе аднак, што скаргі, калі й разгледзяць, то фармальна.

Вера Страмкоўская пасьля наведваньня вязьняў у ізалятары назвала ўмовы іхнага ўтрыманьня здавальняючымі. Яна кажа, што ейныя падабаронныя трымаюцца мужна.

(Страмкоўская: ) "Яны ў добрым стане, вельмі цікавяцца тым, што зараз адбываецца на волі, як ідзе падрыхтоўка да Чарнобыльскага шляху 26 красавіка".
XS
SM
MD
LG