Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАМЕЖНІКІ БЕЛАРУСІ Й РАСЕІ ЎЖО АПЭРУЮЦЬ ПАНЯЦЬЦЕМ “ЗЬНЕШНЯЯ МЯЖА САЮЗНАЙ ДЗЯРЖАВЫ”


Валер Каліноўскі, Менск

Кіраўнік Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў Беларусі Аляксандар Паўлоўскі і дырэктар Фэдэральнай памежнай службы Расеі Канстанцін Тоцкі зазначылі, што яны сумесна ахоўваюць межы так званае саюзнае дзяржавы Беларусі й Расеі. Рыхтуецца нават адмысловы законапраект саюзнай дзяржавы “Аб дзяржаўнай мяжы” і праект дамовы аб ейнай ахове.

Ужо некалькі гадоў у Менску дзейнічае група расейскіх памежнікаў, якая трымае сувязь зь беларускімі калегамі й дапамагае ім. Як паведаміў А.Паўлоўскі, хутка падобная група беларускіх памежнікаў пачне працу і ў Маскве, у ФПС.

Гаворыць А.Паўлоўскі:

(Паўлоўскі: ) "Мы разглядалі ня толькі нейкія вузкія задачы Беларусі ці Расеі, але й больш шырокія пытаньні, зьвязаныя з паняцьцем “вонкавая мяжа саюзнай дзяржавы”, таксама ўнесьлі зьмены і дапаўненьні ў праект палажэньня аб Памежным камітэце саюзнай дзяржавы".

Аляксандар Паўлоўскі зазначае, што расейскія памежнікі служаць у складаных умовах Цэнтральнай Азіі таксама й дзеля Беларусі. Ягоны расейскі калега Канстанцін Тоцкі ўвогуле не жадае гаварыць пра “двухбаковыя перамовы” — Расея й Беларусь для памежнікаў ўжо нібыта адзінае цэлае:

(Тоцкі: ) "Была зацікаўленасьць і разуменьне — мне зараз ужо ня хочацца гаварыць "абодвух бакоў" ці "расейскага й беларускага боку" — мы нарэшце ўжо знаходзімся ў межах саюзнай дзяржавы. І сёньня за абедам я сказаў, што не хацеў бы ўздымаць тост за посьпехі нашых беларускіх калегаў, бо трэба ўздымаць тосты й жадаць сумесных посьпехаў".

Сумесных апэрацыяў расейскіх і беларускіх памежнікаў ня так ужо й шмат, яны накіраваныя супраць так званых нелегальных мігрантаў і вядуцца толькі на флянгавых накірунках — у раёне Полацку й Гомеля.

Канстанцін Тоцкі паведаміў, што, адрозна ад спакойнага беларускага ўчастку мяжы, Расеі даводзіцца весьці сапраўдны памежны кантроль на казаскім, грузінскім, азэрбайджанскім участках, ды й умовы там вельмі складаныя, няма належнага фінасаваньня. На мяжы з Азэрбайджанам і Грузіяй яшчэ не пабудавалі ніводнай заставы.

Затое Расея ў межах саюзнае дзяржавы знаходзіць грошы на абсталяваньне прыбалтыйскага ўчастку беларускай мяжы. Сёлетні саюзны бюджэт прадугледжвае на гэта 150 мільёнаў расейскіх рублёў — палову зь іх дасьць расейскі боку, палову — беларускі. Паводле словаў Аляксандра Паўлоўскага, гэтых грошай мала.

Акрамя Расеі дапамогу ў абсталяваньні мяжы Беларусі зь Літвой дае і Эўразьвяз — 1 мільён 400 тысячаў эўра.
XS
SM
MD
LG