Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

СЬПІС АРЫШТАВАНЫХ ЗА СЬВЯТКАВАНЬНЕ ДНЯ ВОЛІ ПАВЯЛІЧВАЕЦЦА — 10 СУТАК ДАЛІ СЕВЯРЫНЦУ


Любоў Лунёва, Менск

Cудзілі Паўла Севярынца ў жылым доме на вуліцы Старажоўскай, куды пераехалі адміністрацыйныя судзьдзі. Гэта маленькі пакойчык, столь на два мэтры. Дваццаць сябраў Маладога Фронту, якія прыйшлі разам зь Севярынцам, паселі нават на падлозе.

Пасьля апытаньня сьведак з апошнім словам выступіў Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Кожны патрыёт сваёй краіны, кожны, каму дарагая Беларусь, мусіць на сьвята Волі выяўляць свае пачуцьці. Не лічу гэта ні ганебным, ні незаконным. Мітынг ішоў вельмі мірна ды паважна, закончыўся затрыманьнямі несправакаванымі. Сярод дэманстрантаў не было ніякіх праяваў нецярпімасьці — то й ня можа быць аніякай гаворкі пра парушэньне закону.

Мне здаецца, што ў той дзень дэманстранты сябе паводзілі вельмі прыстойна, моладзь не была агрэсіўная. Я асабіста свой удзел у такой дэманстрацыі не разглядаю як віну.

Калі шчыра, дык мне незразумела, чаму міліцыя затрымлівае мяне ды дастаўляе ў суд. Таму прашу вас прыняць слушнае рашэньне, мне здаецца, што ў гэтым выпадку віны за мной няма", — такі быў апошні выступ Паўла Севярынца ў судзе.

Больш за гадзіну спатрэбілася судзьдзі Веры Паўлючук, каб прыняць рашэньне — 10 сутак арышту з адбыцьцём пакараньня ў прыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна.

Гаворыць Павал Севярынец:

(Севярынец: ) "Калі вельмі шмат паседжаньняў адбываецца, ужо і міліцыя, і суды, і грамадзкасьць прызвычаіліся да таго, што даюць суткі. За сьвяткаваньне Дня Волі альбо Дня святога Валянціна людзей пакуюць на нары і даюць вялізныя штрафы.

Але я хачу заўважыць — у размовах міліцыянтаў і ў пастаноўках пытаньняў у судзе — паўсюль відаць схаваную сымпатыю да тых, хто змагаецца зь сёньняшнім рэжымам. Можа тут справа ня толькі ў вясьне, а і ў тым, што хутка прэзыдэнцкія выбары, і гэта адчуваюць і міліцыянты, і судзьдзі. Мне здаецца яны разумеюць, што рэжым ня вечны", — паведаміў Радыё Свабода лідэр Маладога Фронту Павал Севярынец пасьля прысуду.

Сёньня за сьвяткаваньне Дня Волі ў спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна сядзяць Вінцук Вячорка, Алесь Бяляцкі, Юрась Беленькі і Павал Севярынец.
XS
SM
MD
LG