Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖАК ПОЛ КЛЕЙ: МІЛОШАВІЧА ЦІКАВІЛА ТОЛЬКІ АДНО – ЯК ЗАСТАЦЦА ПРЫ ЎЛАДЗЕ?


Вольга Караткевіч, Прага

Міжнардны трыбунал падазрае Мілошавіча ў ваенных злачынствах, зробленых у Косаве і Босьніі ды Герцагавіне.

Заўтра прадстаўнік Гааскага трыбуналу Ганс Гольтгуйс уручыць югаслаўскаму міністру юстыцыі Мамчылу Грубачу ордэр на арышт Мілошавіча.

“Югаславія мусіць адпарадкавацца і выдаць спадара Мілошавіча”, - заявіў Жан Жак Жары, палітычны дарадца Галоўнага пракурора Міжнаронага трыбунала Карлы Дэль Понтэ. “Гэта павінна адбыцца неадкладна”. Гааскі трыбунал патрабуе выдачы ўсіх ваенных злачынцаў:

(Жары: ) “Гэты абавязак не абмяркоўваецца. Не абмяркоўваецца ў выпадку Мілошавіча, як і ў выпадку зь іншымі асобамі, незалежна ад статусу ці грамадзянства”.

Пазыцыя Міжнароднага трыбуналу адрозьніваецца ад меркаваньня кіраўнікоў Эўразьвязу, якія ня супраць, каб Мілошавіча судзілі ў Югаславіі пры ўмове, што гэта не перашкодізць будучаму працэсу ў Гаазе.

Сусьветныя інфармацыйныя агенцтвы працягваюць цытаваць югаслаўскага прэзыдэнта Ваіслава Каштуніцу які заявіў, што экстрадыцыя Мілошавіча не павінная адбыцца: “Іншых прэзыдэнтаў не высылалі ў Гааскі Трыбунал. Я мушу йсьці на кампрамісы, але ўсё ж ёсьць мяжа, якую я не магу перайсьці.

Нават сярод тых прадстаўнікоў сэрбскага і югаслаўскага ўраду, якія ня думаюць пра законнасьць, але пра палітычную выгоду, дамінуе меркаваньне, што выдача Мілошавіча – непрымальная”, - зазначыў югаслаўскі лідэр.

Пад час эканамічнага форуму ў Давосе віцэ-прэм’ер Югаславіі Міралюб Лабус даваў зразумець, што экстрадыцыя Мілошавіча ў Гаагу магчымая пасьля таго, як завершыцца суд у Бялградзе. “Калі грамадзяне Югаславіі, - гаварыў Лабус, - пабачаць пад час разьбіральніцтва, што Мілошавіч зьдзейсьніў шмат злачынстваў, у іх зьменіцца стаўленьне да пытаньня выдачы былога прэзыдэнта”.

Тым часам Слабадан Мілошавіч прызнаў, што частка фінансавых сродкаў за часам яго кіраваньня пайшла на падтрымку сэрбскіх нацыяналістаў і фінансаваньне ваенных дзеяньняў у Босьні і Харватыі. Гаворка пра 390 мільёнаў даляраў у югаслаўскіх дынарах і нямецкіх марках. Паводле словаў Мілошавіча, грошы йшлі для закупак “зброі і іншых рэчаў, неабходных для войска басьнійскіх і харвацкіх сэрбаў”. Мілошавіч патлумачыў: “Паколькі гэтае фінансаваньне было дзяржаўнай тайнай, выдаткі не маглі быць улічаныя ў дзяржаўным бюджэце”.

Раней Мілошавіч адрынаў любую сваю далучанасьць да ваенных дзеяньняў у згаданых краінах.

Пракурор Міжнароднага трыбуналу Карла Дэль Понтэ заявіла, што разглядае магчымасьць улучыць у сьпіс абвінавачваньняў супраць Мілошавіча ваенныя злачынствы і генацыд у басьнійскай вайне 1992-1995 гадоў. Цягам гэтай вайны ў выніку канфлікту паміж сэрбамі, харватамі і мусульманамі загінулі каля каля 200 тысячаў чалавек.

У інтэрвію расейскай “Независимой газете» каардынатар дзейнасьці ААН у Босьніі амэрыканец Жак-Пол Клей так ахарактарызаваў прыярытэты Слабадана Мілошавіча: “Мілошавіч ніколі ня верыў ні ў што, апроч славы, улады і грошай. Мне часта даводзілася зь ім сустракацца, і я магу сказаць, што ён ніколі не клапаціўся пра сэрбаў, пра свой народ. Ён не клапаціўся пра сэрбаў ні ва Ўсходняй Славоніі, ні ў Босьніі, ні ў Кніне, ды й нідзе. Мілошавіча заўсёды цікавіла адно: як застацца пры ўладзе?”
XS
SM
MD
LG