Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУД НЕ ЗАХАЦЕЎ РАЗГЛЯДАЦЬ СПРАВУ ПРА ФАЛЬСЫФІКАЦЫІ ВЫБАРАЎ У МАЛАДЭЧНЕ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня суд Маскоўскага раёну Менску разглядаў пазоў Гельсынскага камітэту да Цэнтральнай выбарчай камісіі.

БГК патрабуе, каб суд прызнаў несапраўдным рашэньне Цэнтарвыбаркаму аб прызнаньні вынікаў леташніх выбараў у "палату" па Маладэчанскай выбарчай акрузе №86.

Назіральнікі Гельсынскага камітэту зафіксавалі шматлікія парушэньні заканадаўства з боку сябраў выбарчых камісіяў гэтай акругі. Паводле прадстаўнікоў БГК, адразу пасьля заканчэньня галасаваньня старшыні ўчастковых і акружной выбарчых камісіяў афіцыйна прызналі, што выбары ў Маладэчне не адбыліся (у іх узялі ўдзел менш як 50% выбаршчыкаў). Але ўжо на наступны дзень старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына назвала зусім іншыя лічбы.

Як вынік, дэпутатам "палаты" ад Маладэчна стаў старшыня таварыства вэтэранаў вайны ў Аўганістане Станіслаў Гаварушкін. Прадстаўнікі Гельсынскага камітэту зьбіраліся прадставіць суду копіі пратаколаў выбарчых камісіяў, у якіх зафіксавана, што выбары ў Маладэчне не адбыліся.

Вось што паведаміў нашаму радыё перад пачаткам працэсу выкаканаўчы дырэктар БГК Алег Гулак:

(Гулак: ) "На жаль, у нас шмат падставаў гаварыць, што суд несвабодны, не заўсёды справядлівы й не заўсёды трымаецца закону. Аднак у гэтым выпадку мы ідэалісты, і мы робім што трэба й можна рабіць. Спрабуем дапамагчы суду вынесьці адзінае правільнае рашэньне".

Судзьдзя Юры Шастакоў пачаў разгляд справы, хаця ні прадстаўнікі Цэнтарвыбаркаму, ні Станіслаў Гаварушкін у суд не зьявіліся. Намесьнік старшыні Гельсынскага камітэту Гары Паганяйла даводзіў суду, што выбары ў Маладэчне былі сфальсыфікаваныя, а таксама даказваў, што цяперашні склад Цэнтарвыбакаму нелегітымны, бо многія ягоныя сябры й старшыня прызначаныя з парушэньнем дзейнай Канстытуцыі.

Судзьдзя адхіліў хадайніцтвы праваабаронцаў пра запыт дакумэнтаў ЦВК, што тычацца выбараў у Маладэчне, і пра недавер складу суду. А потым Юры Шастакоў наогул спыніў разгляд пазову, бо, на ягоную думку, справы аб адказнасьці Цэнтарвыбаркаму не ў кампэтэнцыі раённага суду.

Прадстаўнікі БГК лічаць, што судзьдзя проста выканаў загад уладаў, якія баяцца, што падобным чынам будуць аспрэчаныя вынікі г.зв. выбараў і па іншых акругах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG