Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭЛЕГАЦЫЯ МІЖНАРОДНАЙ АРГАНІЗАЦЫІ ПРАЦЫ ПРЫЕХАЛА Ў МЕНСК БАРАНІЦЬ БЕЛАРУСКІЯ ПРАФСАЮЗЫ


Міхал Стэльмак, Менск

Таксама у Менск прыехаў Генэральны сакратар Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў Біл Джордан. Вось што паведаміў сёньня нашаму радыё спадар Джордан:

(Джордан: ) "Мы прыехалі, каб выказаць падтрымку нашым калегам зь Беларусі, каб беларускія прафсаюзы ўваходзілі ў нашу вялікую прафсаюзную сям’ю. Каб яны актыўна бралі ўдзел у міжнародным прафсаюзным жыцьці.

І мы хочам, каб Беларусь як дзяржава таксама ўдзельнічала ў жыцьці эўрапейскіх народаў. Я мяркую, што грамадзяне Беларусі годныя людзі, яны мусяць карыстацца тымі выгодамі й перавагамі, што ёсьць у Эўропе.

Аднак зараз тут стаўленьне да свабоды, асабліва гэта тычыцца свабоды прафсаюзаў, не спрыяюць гэткім блізкім стасункам з Эўропай. Людзі ў Эўропе хацелі б лічыць Беларусь партнэрам", — зазначыў Біл Джордан.

Паводле словаў генэральнага сакратара Міжнароднай канфэдэрацыі свабодных прафсаюзаў, павага да прафсаюзных правоў разглядаецца імі як павага да правоў чалавека. Між тым, у Беларусі груба парушаюцца міжнародныя стандарты ў сфэры працы. На мінулым тыдні гэта прызнала Міжнародная арганізацыя працы.

Гаворыць сябар дэлегацыі МАП Франк Хофэр:

(Хофэр: ) "Рашэньне было такое, што тыя формы рэгістрацыі, якія прапануе дэкрэт прэзыдэнта №2, парушае Канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы. Таму камітэт прапануе альбо ліквідаваць гэты дэкрэт, альбо зазначыць у ім, што ён ня тычыцца прафсаюзаў".

Сёньня дэлегацыя сустракалася з групай лідэраў беларускіх прафсаюзаў. На заўтра заплянаваная сустрэча ў больш шырокай аўдыторыі. У Менску зьбярэцца каля 700 кіраўнікоў і шараговых сяброў як Фэдэрацыі, гэтак і Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў.

Дарэчы, пошукі месца гэтай сустрэчы былі для прафсаюзаў сур’ёзнай праблемай. Гаворыць намесьнік старшыні Фэдэрацыі Франц Вітко:

(Вітко: ) "Мы будзем праводзіць сход тут, у будынку Фэдэрацыі прафсаюзаў. Чаму тут? Ды таму, што не знайшлі іншага месца. Мы, напрыклад, зьвярталіся да кіраўніцтва Рэспубліканскага асьветніцкага цэнтру, што па Кастрычніцкай, 5.Але нам адмовілі. Ужо на наступны дзень прыйшла адмова, хаця мы дакладна ведаем, што на момант падачы нашай заяўкі ніякіх мерапрыемстваў у гэтай залі не плянавалі".
XS
SM
MD
LG