Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВІЦЕБСКУ СЁНЬНЯ ЗАТРЫМАЛІ ПІКЕТОЎЦАЎ У АБАРОНУ ВЯЧОРКІ І БЯЛЯЦКАГА


Алег Жукоўскі, Віцебск

А 12-й гадзіне ў самым цэнтры гораду на прыпынак каля знакамітага амфітэатру з плякатамі і бел-чырвона-белым сьцягам выйшлі кіраўнікі віцебскае філіі Маладога Фронту Віктар Шляхцін, цэнтру маладзёвых ініцыятываў “Контур” Юрась Корбан і грамадзкай арганізацыі “Адукатар” Кастусь Смолікаў. На плякатах было: “Злачынную ўладу ў адстаўку”, “Патрабуем вызваленьня лідэраў беларускай апазыцыі Вінцука Вячоркі і Алеся Бяляцкага”, “Судовая сыстэма павінна быць адкрытай і незалежнай”.

Яшчэ адзін з удзельнікаў акцыі распаўсюджваў паміж шматлікімі мінакамі ўлёткі, якіх назапасілі больш за 400 паасобнікаў. Галоўнай тэмай іх, побач з пратэстам супраць сілавых мэтадаў уладаў, быў заклік галасаваць на маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбарах за агульнага дэмакратычнага кандыдата. Але пікетоўцы не разьлічылі, і ўлёткі скончыліся задоўга да зьяўленьня міліцыянтаў.

Тыя падыйшлі толькі праз 50 хвілінаў, цьмяна прадставіліся, так што ніхто ня змог запомніць іхных прозьвішчаў, праверылі дакумэнты і пехатой запрасілі ў паструнак. Маўляў, не хапае для машынаў паліва. На шляху да РАУС яны ўсяляк падкрэсьлівалі, што выконваюць загад. Але калі прыйшлі ў Кастрычніцкі аддзел, дзяжурны вельмі зьдзівіўся, бо ён такога загаду не аддаваў. Высьветлілі, што гэта зрабіў хтосьці з больш высокага кіраўніцтва. У працэсе складаньня пратаколаў міліцыянты са спачуваньнем казалі пра недасканаласьць сыстэмы заканадаўства, што не дазваляе хутка рэагаваць на грамадзкія падзеі.

Праз дзьве гадзіны, калі ўсе фармальныя справы былі завершаныя, дзяжурны па РАУС усіх адпусьціў і сказаў, каб рыхтаваліся да суду.
XS
SM
MD
LG