Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЗЯРЖАЎНЫ САКРАТАР ЗША ВЫКАЗАЎ ШКАДАВАНЬНЕ З НАГОДЫ СЬМЕРЦІ КІТАЙСКАГА ПІЛЁТА


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Тое, што адбылося, Колін Паўэл назваў “трагічным няшчасным выпадкам”. “Мы шкадуем, што кітайскі пілёт ня змог бясьпечна прызямліцца, мы шкадуем, што ён загінуў, але мы мусім рухацца наперад. Мы мусім ужываць усе магчымыя і даступныя нам шляхі для дыялёгу з Кітаем,” – цытуе словы Коліна Паўэла сёньняшняя Washington Post.

Тым часам афіцыйны Пэкін працягвае вінаваціць ЗША ў інцыдэнце і адмаўляецца выпусьціць 24 сябры экіпажу, пакуль кітайскае сьледзтва не паставіць кропку ў гэтай справе.

“Для нас вельмі істотна, каб ЗША ўзялі на сябе ўсю адказнасьць за тое, што адбылося і прынесьлі нам афіцыйныя прабачэньні, бо мы – пацярпелы бок,” – падае газэта Washington Post словы кітайскага пасла Янга Джэчы.

Кангрэсмэны Злучаных Штатаў заяўляюць, што затрымка экіпажу самалёта становіць пагрозу ўзнаўленьне нармалёвых гандлёвых адносінаў паміж бакамі.

“Калі наяўная сытуацыя будзе захоўвацца, я ня бачу, як сябры Кангрэсу прагаласуюць за захаваньне і пашырэньне гандлёвых прывілеяў для Кітаю,” – кажа рэспубліканец Спэнсэр Бачус.

Афіцыйны Пэкін ніяк не рэагуе на гандлёвыя папярэджаньні ад Злучаных Штатаў. “Кітайскія газэты, – піша сёньняшняя New York Times, – не падаюць поўнай вэрсіі падзеяў, і многія кітайцы нават ня ведаюць, што самалёт ЗША таксама быў пашкоджаны, а ягоная пасадка на выспе Хайнянь – надзвычайная. Кітайская прэса піша, што самалёт Злучаных Штатаў парушыў паветраную прастору краіны і прызямліўся без дазволу.

Але нават тыя, каму праз Інтэрнэт цалкам вядомая вэрсія Злучаных Штатаў, не адчуваюць даверу да пазыцыі прэзыдэнта Джорджа Буша. Яны лічаць, што ЗША занялі жорсткую пазыцыю, што яны ня могуць патрабаваць вяртаньня экіпажу і самалёта.

Цяпер старшыня КНР Цзян Цзэмінь выехаў у плянаваную двухтыднёвую паездку па краіне, – піша New York Times, – і некаторыя афіцыйныя асобы ў Вашынгтоне спадзяюцць, што інцыдэнт пройдзе. Іншыя ж думаюць, што пры адсутнасьці Цзэміня дамагчыся вяртаньня экіпажу самалёта надзвычай цяжка.

І ўсё ж, піша газэта, ёсьць сярод кітайцаў і тыя, хто лічыць, што пазыцыі абодвух бакоў выглядаюць як нармалёвыя праявы міжнароднай палітыкі. “Ніводны бок не паводзіць сябе сумленна... Кожны спрабуе абвінаваціць іншага і ня страціць свайго аблічча, але кожны таксама ня хоча заходзіць занадта далёка,” – падводзіць выснову сказанаму сёньняшняя New York Times.

Паветраная аварыя, у якой Пэкін пасьпяшаўся абвінаваціць Злучаныя Штаты, паставіла камуністычную партыю Кітаю перад дылемай. З аднаго боку супрацоўніцтва з ЗША дае эканамічную выгоду і бясьпеку ў рэгіёне. Зь іншага – нешта патрэбна проціставіць гегемоніі Злучаных Штатаў, каб супакоіць прыхільнікаў жорсткай лініі ва ўзброеных сілах і службах бясьпекі краіны, – піша лёнданская Times. Аднак, працягвае газэта, хаця прэзыдэнт Кітаю і падвысіў стаўкі ў гэтай гульні, калі запатрабаваў ад ЗША прабачэньняў і затрымаў экіпаж, Кітай наўрад ці будзе доўга займаць непрымірымую пазыцыю, бо сапсаваныя адносіны з ЗША пацягнуць за сабой вельмі вялікія эканамічныя страты. Зразумела, што інцыдэнт ня будзе вычарпаны так хутка, як таго хацелі б Злучаныя Штаты, але, як адзначае Times, у адміністрацыі Буша напэўна знойдзецца чалавек, які праз сакрэтныя перамовы дзеля агульнай палёгкі знойдзе выйсьце з крызысу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG