Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НТВ: ПРАТЭСТ ПРАЦЯГВАЕЦЦА


Віталь Тарас, Прага

Такой была рэакцыя журналістаў тэлеканалу на ўчорашняе рашэньне рады дырэктараў НТВ прызначыць новае кіраўніцтва кампаніі. Яе калектыў лічыць рашэньне незаконным.

Крэмль атрымлівае кантроль над незалежным тэлеканалам – так ацэньвае ўчорашнія падзеі Washington Post. На думку газэты, яны адсунулі на другі плян пасланьне прэзыдэнта Пуціна Федэральнаму сходу, у якім ён абвесьціў новую эру стабільнасьці ў Расеі пасьля дзесяцігодзьдзя рэвалюцыйных зьменаў. Абяцаючы правесьці рынкавыя рэформы, Пуцін толькі мімаходзь згадаў пра дэмакратычныя каштоўнасьці і нічога не сказаў пра свабоду слова альбо пра НТВ.

Хаця Гусінскі іншы раз выкарыстоўваў гэты канал у якасьці палітычнага інструмэнту, у апошнія гады НТВ заваявала рэпутацыю самага прафэсійнага тэлеканалу ў краіне. Ягоныя скептычныя рэпартажы аб вайне ў Чачні выклікалі раздражненьне Крамля, – піша Washington Post.

Брытанская Financial Times паведамляе, што амэрыканскі мэдыя-магнат Тэд Тэрнэр, заснавальнік CNN, прапануе за акцыі НТВ 220 мільёнаў даляраў. Аб гэтым ён папярэдне дамовіўся з Уладзімерам Гусінскім. З гэтай прапановай зьвязаныя надзеі супрацоўнікаў НТВ, якія спрабуюць захаваць сваю свабоду ад дзяржаўнага кантролю, у той час як Газпрам спрабуе зьмяніць кіраўніцтва тэлеканалу.

Газпрам, які інвэставаў у НТВ і кампанію Мэдыя-Мост амаль мільярд даляраў, мае 46 працэнтаў акцыяў НТВ. Каб набыць кантрольны пакет, Газпрам аб’яднаўся з амэрыканскай кампаніяй Capital Research and Management group, якой належалі яшчэ 4 з паловай працэнты акцыяў. Астатнія 49 працэнтаў па-ранейшаму застаюцца ў Гусінскага.

Па зьвестках Financial Times, Тэрнэр разам зь вядомым фінансістам Джорджам Сорасам хоча набыць каля траціны ўсіх акцыяў. Але Тэрнэр пакуль не падпісаў дамову і падкрэсьліў, што ў кожным выпадку пагадненьне залежыць ад ухваленьня яе Газпрамам.

Кіраўнік кампаніі “Газпрам-Мэдыя” Альфрэд Кох заявіў, што ён хоча атрымаць кантроль над НТВ да пачатку перамоваў з замежнымі партнэрамі, але ў любым выпадку ён прадасьць ім значны пакет акцыяў толькі пры ўмове, што Гусінскі больш ня зможа ўплываць на тэлеканал, – піша брытанская газэта.

На думку амэырканскай газэты New York Times, “пакуль складаецца ўражаньне, што НТВ і ягоны стваральнік Уладзімер Гусінскі перамаглі Газпрам у барацьбе за грамадзкую падтрымку”. Газэта нагадвае, што Гусінскі, які падтрымліваў на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах апанэнтаў Уладзімера Пуціна, летась у чэрвені быў арыштаваны, а протым зьехаў у Гішпанію, дзе яго ізноў затрымалі. Расея абвінавачвае яго ў фінансавых махінацыях і патрабуе выдачы.

Як паведамля расейская газэта “Известия”, процілеглы бок канфлікту заявіў аб тым, што ня будзе рабіць спробаў захапіць тэлеканал. Аднак, па словах прэсавага сакратара Барыса Ёрдана, новы генэральны дырэктар прыступіў да выкананьня сваіх абавязкаў. Ён мае намер пагасіць канфлікт шляхам перамоваў.

За падзеямі вакол НТВ уважліва сочаць многія грамадзкія арганізацыі, у тым ліку расейскі Цэнтар экстрэмальнай журналістыкі. Сюды паступаюць заявы журналісцкіх арганізацыяў у падтрымку калегаў ня толькі з усяе Расеі, але і з краінаў СНД. Некаторыя расейскія й замежныя камэнтатары выказваюць думку, што размова тычыцца выключна прыватных інтарэсаў тэлекампаніі ды лёсу асобных супрацоўнікаў. Вось як ацэньвае сытуацыю Дырэктар Цэнтру экстрэмальнай журналістыкі Алег Панфілаў.

(Панфілаў: ) “Размова ідзе пра лёс свабоды слова ў Расеі, перш за ўсё. А паколькі тэлеканал НТВ глядзяць амаль на ўсёй прасторы СНД, дык, канечне, прычынай гэтай “кампаніі” сталася сама тэлекампанія НТВ. Аднак, людзі больш за ўсё занепакоеныя станам свабоды слова, бо адчулі на сабе вынікі праўленьня Пуціна ў Расеі. Гэта адбываецца ня толькі з НТВ, гэта адбываецца ўжо паўтары гады з правінцыйнай прэсай – з тэлекампаніямі, з газэтамі і з радыёстанцыямі.

Журналісты розных краінаў СНД задаюць мне такое пытаньне – ці праўда, што дзеяньні, напрыклад, Аляксандра Лукашэнкі ці прэзыдэнта Аліева паслужылі ў якасьці прыклада для дзеяньняў прэзыдэнта Пуціна? Я павінен сказаць, што і прэзыдэнт Лукашэнка, і прэзыдэнт Аліеў, і можна назваць у гэтым шэрагу і Назарбаева, і Рахмонава, і Туркмен-башы і шмат каго яшчэ – яны ўсе людзі аднаго паходжаньня. Яны ўсе савецкія людзі з аднолькавай мэнтальнасьцю. Але калі гаварыць канкрэтна пра Беларусь, дык канечне, калі будзе працягвацца тое, што было да канфлікту з НТВ, – Расею можа чакаць лёс беларускіх незалежных СМІ”.
XS
SM
MD
LG