Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРЫСАЎСКІ ПІКЕТОВЕЦ ДАСТАЎ 10 СУТАК АРЫШТУ ЗА ПАДТРЫМКУ НТВ


Алесь Мікалайчанка, Барысаў

У Барысаўскім гарсудзе судзьдзя Аляксей Болатаў разгледзеў адміністрацыйныя справы актывістаў БСДП (Народная Грамада) Аляксандра Абрамовіча і Марыны Статкевіч, а таксама беспартыйных Зьміцера Фядорчанкі ды Алеся Барадулі. Судзьдзя нават ня выслухаў сьведак-міліцыянтаў, а проста зачытаў складзеныя імі пратаколы, якія ніводзін з удзельнікаў акцыі не падпісаў.

Пасьля 10-хвіліннага перапынку судзьдзя зачытаў выракі. Аляксандар Абрамовіч дастаў 10 сутак арышту ў міліцэйскім ізалятары Барысаўскага ГАЎС за паўторнае ад пачатку году адміністрацыйнае правапарушэньне. Марыну Статкевіч, Зьміцера Фядорчанку і Алеся Барадулю Болатаў толькі папярэдзіў.

Калі Абрамовіча вялі ў міліцэйскі варанок, ён пасьпеў нам пракамэнтаваць асаблівасьці сёньняшняга паседжаньня:

(Абрамовіч: ) “Судзьдзя, на мой погляд, проста падстрахаваўся, і каб паказаць сваю жорсткасьць і прынцыповасьць перад уладамі, даў 10 сутак арышту. А так бы ён даў штраф”.

Дарэчы, сёньня на адным з будынкаў у цэнтры гораду зьявіўся бел-чырвона-белы сьцяг, а на сьценах дамоў і на агароджах – зуброўскія ўлёткі і графіці.
XS
SM
MD
LG