Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЯРОЗАЎСКАЯ ДРЭС МОЖА СТАЦЦА ЎЛАСНАСЬЦЮ РАСЕІ


Ігар Карней, Менск

Яшчэ тыдзень таму я наведваў Бярозаўскую ДРЭС, і мне з захапленьнем распавядалі пра глябальныя пляны; у прыватнасьці, пра тое, як электрастанцыя будзе прадаваць сваю самую танную ў Эўропе электраэнэргію Люблінскаму ваяводзтву Польшчы.

І вось навіна з “Белэнэрга”, якая стала нечаканасьцю для супрацоўнікаў ДРЭС. Намесьнік начальніка цэху электрастанцыі Аляксандар Бубновіч кажа, што расейскія “Адзіныя энэргасыстэмы” павінны былі ўдзельнічаць у супольным праекце, але на аднолькавых правах з канцэрнам “Белэнэрга”.

(Бубновіч: ) “Перадача электраэнэргіі на Польшчу мела на ўвазе трохбаковае пагадненьне — паміж Польшчай, РАО ЕЭС і “Белэнэрга.” Расея павінна была даваць танны газ і мець пэўныя дывідэнды.

Многім усё роўна, пад кім быць — абы плацілі. І сапраўды, на расейскіх станцыях заробак разы ў тры вышэйшы. Але я так мяркую, нам не дадуць зарабляць; далі б тады хоць грошы на рэканструкцыю”.

Продаж Бярозаўскай ДРЭС манаполіі расейскага алігарха Анатоля Чубайса — пытаньне практычна вырашанае. Гэта пацьвярджаюць і ў канцэрне “Белэнэрга”, бо мадэрнізацыя патрабуе як мінімум 35 мільёнаў даляраў.

Дарэчы, ва ўчорашнім інтэрвію Эстонскай тэлевізіі Чубайс заявіў, што будзе прапаноўваць суседнім з Расеяй краінам актыўна падтрымаць праект продажу расейскай электраэнэргіі на Захад шляхам стварэньня адзінай энэргасыстэмы. Але пра нейкую выгаду для гэтых краінаў гаворка пакуль ня йшла. Пэўна, паглынаньне адной зь беларускіх ДРЭС — першы крок у гэтым кірунку.

Што тычыцца беларускага кіраўніцтва, то продаж Бярозаўскай ДРЭС павінны кампэнсаваць так званыя “веснавыя” выдаткі: сяўба сёлета будзе каштаваць якраз 400 мільярдаў рублёў.

Дарэчы, ёсьць у рэгіёне і тыя, хто хоча спыненьня ДРЭС. Кіраўніца белаазёрскай арганізацыі шматдзетных сем’яў “Дзеля будучыні” Раіса Жмачынская кажа:

(Жмачынская: ) “У нас вельмі страшная экалёгія. Маем зьвесткі, што ад 90 да 300 тонаў серы выкідае ў паветра Бярозаўская ДРЭС штодня. Вельмі вялікая колькасьць людзей у Белаазёрску хварэе, анкалягічнымі захворваньнямі асабліва, а гэта вельмі страшна”.

Застаецца дадаць, што на Бярозаўскай ДРЭС працуюць 1300 чалавек — дзясятая частка насельніцтва Белаазёрску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG