Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАХАД ЧАКАЕ, ШТО МІЛОШАВІЧА ЎРЭШЦЕ ВЫДАДУЦЬ


Сяргей Навумчык, Прага

Тым часам стала вядома, што Югаслаўская пракуратура мае намер абвесьціць у міжнародны вышук сына Мілошавіча.

Сёньня ў сталіцу Югаславіі прыбыў кіраўнік брытанскага замежнапалітычнага ведамства Робін Кук. Ён сказаў, што разумее імкненьне сэрбаў высьветліць віну Мілошавіча ў злачынствах супраць свайго народу. Аднак, заявіў Робін Кук, “Мілошавіч ня можа быць вышэйшы за міжнароднае права, і правасудзьзе ня зьдзейсьціцца да канца, пакуль яго не перададуць у Гаагу для суда за злачынствы, якія ён зьдзейсьніў супраць іншых бальканскіх народаў”.

У Атэнах кіраўнік палітычнага камітэту Эўразьвязу Гаўер Саляна заявіў, што Эўразьвяз ня бачыць патрэбы ў тым, каб ажыцьцяўляць ціск супраць сэрбскіх лідэраў у мэтах выдачы Мілошавіча – паколькі, лічыць Саляна, яны і без таго гэта зробяць.

Аднак на пачатку гэтага тыдня югаслаўскі прэзыдэнт Ваіслаў Каштуніца заявіў, што Югаславія ня выдасьць Мілошавіча – нават пад пагрозай спыненьня дапамогі з боку ЗША . На сваёй апошняй прэсавай канфэрэнцыі Каштуніца ўдакладніў, што выдача Мілошавіча не трапляе пад кампэтэнцыю прэзыдэнта краіны.

Дысанансам да заявы Каштуніцы гучаць словы прэм’ер-міністра Зорана Джынджыча, які сёньня ў інтэрвію аўстрыйскай газэце Kurier заявіў, што за вайсковыя злачынствы Мілошавіча будуць судзіць у самой Югаславіі. Джынджыч сказаў, што нібыта і ЗША, і эўрапейскія краіны згодныя з такім варыянтам, і толькі Гаагскі трыбунал дамагаецца экстрадыцыі. Сэрбскі прэм’ер заявіў таксама, што цягам апошніх месяцаў сьледчыя шукалі доказы далучанасьці Мілошавіча да палітычных забойстваў і зьнікненьняў людзей, але не знайшлі іх, і дадаў, што “рэжым не пакідаў дакумэнтаў”.

Сэдомір Йованавіч, адзін з тых сэрбскіх палітыкаў, якія вялі перамовы зь Мілошавічам, нагадаў чатыры ўмовы, пры якіх Мілошавіч пагадзіўся здацца ўладам:

(Йованавіч: ) “Гарантавалася, што яго павязуць не ў Бялградзкі аэрапорт, а у цэнтральную вязьніцу, і што там члены яго сям’і атрымаюць магчымасьць штодня яго наведваць. Гарантавалася, што сям’я застанецца ў цяперашняй рэзыдэнцыі цягам шасьці месяцаў, а таксама гарантавалася бясьпека членаў сям’і і захаванасьць сямейнай маёмасьці".

Верагодна, пад паняцьцем “сямейнай маёмасьці” меліся на ўвазе мэбля і посуд. Бо фінансавыя рахункі ды бізнэс членаў сям’і Мілошавіча ёсьць прадметам пільнай цікавасьці з боку югаслаўскай пракуратуры. Нагадаем, падставаю для арышту Мілошавіча было менавіта абвінавачаньне ў карупцыі.

Сёньня стала вядома, што югаслаўская пракуратура мае намер зьвярнуцца ў Інтэрпол і абвесьціць у міжнародны вышук сына экс-прэзыдэнта – 26-гадовага Марко Мілошавіча, які падазраецца ў сувязях з арганізаванай злачыннасьцю і незаконным вывазе сродкаў за мяжу. Сын Мілошавіча быў уладальнікам некалькіх фірмаў і пакінуў Югаславію на наступны дзень пасьля таго, як ягоны бацька сыйшоў з пасады прэзыдэнта.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG