Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗАТРЫМАНЫЯ МАСКОЎСКАЙ МІЛІЦЫЯЙ МАЛАДАФРОНТАЎЦЫ ВЯРНУЛІСЯ Ў МЕНСК


Ігар Карней, Менск

Сёньня яны мусілі былі паўстаць перад маскоўскім муніцыпальным судом.

Разам з прадстаўнікамі Маладога Фронту ўдзел у пікеце Дзярждумы бралі чатыры расейскія моладзевыя арганізацыі, што падзяляюць антыімпэрскія ды антытаталітарныя пазыцыі. Адметна, што дагэтуль ніводнае з гэтых моладзевых аб'яднаньняў яшчэ не затрымлівалі за ўдзел у пікетах. Гаворыць каардынатар беларускай групы маладафронтаўцаў Аляксей Шэін.

(Шэін: ) "Мы разгарнуліся ля Дзярждумы, але прастаялі 15 хвілінаў, і як толькі думалі спаліць асобнік беларуска-расейскай дамовы, зьявілася міліцыя, нас усіх затрымалі. Пасьля трох гадзінаў нам выпісалі позвы ў суд, але мы вырашылі вярнуцца дахаты".

(Карэспандэнт: ) "Вы чакаеце нейкіх санкцыяў? Можа, будзе абвешчаны "саюзны вышук"?"

(Шэін: ) "Мы не баімся, няхай шукаюць. Калі ўжо стваралі саюзную дзяржаву, няхай яна спрацуе хоць раз."

Паводле Аляксея Шэіна, у Расеі падзеі пачынаюць разгортвацца паводле беларускага сцэнару. Апошняе пацьверджаньне — атака на НТВ.

Але сыстэма яшчэ толькі перабудоўваецца, таму бываюць нават анэкдатычныя выпадкі: прыкладам, маладафронтаўцы безь цяжкасьцяў вынесьлі з аддзелу міліцыі ўсе, так бы мовіць, рэчавыя доказы "злачынства" — плякаты, сьцягі й г.д.

Можа, дапамагло тое, што непасрэдна кіраўнік аддзелу ўнутраных справаў (сам нарадзіўся ў Магілёве) у адрозьненьні ад опэрупаўнаважаных адкрыта сымпатызаваў затрыманым. Што тычыцца сьледчых, то яны абяцалі выбіць патрэбныя прызнаньні сілай. Распавядае Сяргей Лісічонак:

(Лісічонак: ) "Нас наогул спачатку не зьбіраліся забіраць. Частка ўдзельнікаў ужо наогул сышла. І толькі потым падышоў міліцыянт, які сказаў, што паступіў загад усё ж затрымаць.

Вельмі абурылі дзеяньні асобных міліцыянтаў ужо ў аддзеле Кітай-гораду. Адзін абвінавачваў мяне, што я супрацоўнік спэцслужбаў, што я прадстаўляю амэрыканскія інтарэсы; другі — што я як прадстаўнік беларускай апазыцыі дапамагаю чачэнцам узрываць маскоўскія дамы".

Нягледзячы на сумны досьвед, Алесь Лісічонак сьцьвярджае: прадстаўнікі ўсіх расейскіх арганізацыяў, што ўдзельнічалі ў пікеце, прыедуць на Чарнобыльскі шлях у Менск.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG